Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама нашы землякі нярэдка звяртаюцца з пытаннямі.
Цікавяцца і магчымасцю павелічэння памеру пенсіі па ўзросце шляхам яе перанясення на больш позні час – так званым “адкладзеным выхадам на пенсію”. Тлумачэнні на гэты конт праз адказы на пытанні дзятлаўчан дае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.
Пытанне: у якіх выпадках можна адмовіцца ад атрымання пенсіі, калі працуеш пасля яе назначэння? Ці павялічыцца пенсія пры адмове ад яе атрымання?
Адказ: на практыцы адмова ад атрымання пенсіі ў перыяд работы пасля прызначэння пенсіі па ўзросце на агульных падставах можа ажыццяўляцца:
– з мэтай “дапрацоўкі” стажу да поўнага года (перыяд адмовы ад атрымання пенсіі можа складаць ад аднаго дня);
– для фарміравання права на павышэнне пенсіі, згодна з артыкулам 23-1 Закона “Аб пенсійным забеспячэнні” (сумарная працягласць перыядаў адмовы ад атрымання пенсіі павінна складаць не менш за 2 месяцы).
Прэмія за адкладзены выхад на пенсію прадугледжана: пры прадаўжэнні работы пасля дасягнення агульнавызначанага пенсійнага ўзросту без атрымання дзяржаўнай пенсіі пенсія па ўзросце на агульных падставах павялічваецца:
– на 6, 8, 10 і 12 % заробку, з якога вылічваецца пенсія, – за кожны поўны першы, другі, трэці і чацвёрты гады работы адпаведна, а далей па 14 % заробку – за поўны пяты і кожны наступны гады работы. Пазначаныя памеры павелічэння пенсіі сумуюцца паміж сабой;
– на 1 % заробку, з якога налічваецца пенсія – за кожныя поўныя 2 месяцы няпоўнага года работы. Гэты памер павелічэння пенсіі сумуецца з вышэйпазначанымі памерамі павелічэння пенсіі.
Кожны наступны поўны год работы без атрымання пенсіі дае больш высокую прэмію. Чым большую колькасць гадоў грамадзянін працуе без атрымання пенсіі, тым больш значна яна прырастае.
Памер пенсіі будзе павялічаны не толькі за кошт прэміі, але і за кошт дадатковага стажу, бо ў яго будзе залічаны час работы пасля прызначэння пенсіі.
Пытанне: якія перыяды работы даюць права на павелічэнне пенсіі?
Адказ: пад работай, якая дае права на павелічэнне пенсіі, разумеюць перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці, на працягу якіх ажыццяўлялася ўплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.
Пытанне: што неабходна, каб, прадаўжаючы працаваць, дадаткова павялічыць памер пенсіі?
Адказ: калі грамадзянін дасягнуў агульнавызначанага пенсійнага ўзросту і яму прызначаецца (ці ўжо прызначана) пенсія па ўзросце (пры агульным стажы 20 і больш гадоў для жанчын, 25 і больш для мужчын), то пры прадаўжэнні работы без атрымання пенсіі ён можа дадаткова павялічыць яе памер.
Для гэтага патрэбна:
– адмовіцца ад атрымання пенсіі не менш чым на 2 месяцы (падаць адпаведную заяву ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне);
– прадаўжаць працаваць з заработнай платай, не ніжэйшай за мінімальную (без атрымання пенсіі);
– па заканчэнні выбранага перыяду работы без атрымання пенсіі звярнуцца за аднаўленнем выплаты пенсіі і яе пераразлікам з улікам прэміі (падаць адпаведную заяву ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне).
Калі грамадзянін вырашыў адмовіцца ад атрымання пенсіі па ўзросце (для наступнага павелічэння яе памеру), то выплата пенсіі будзе прыпынена, пачынаючы з даты, пазначанай у заяве, але не раней, чым з дня яе падачы. Вяртання ўжо атрыманай пенсіі не дапушчаецца.
Пасля таго, як выбраны перыяд работы без атрымання пенсіі завершыцца або ў выпадку спынення работы, неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з заявамі:
– аб аднаўленні выплаты пенсіі па ўзросце з канкрэтнай даты;
– аб пераразліку памеру пенсіі па ўзросце з улікам дадатковага стажу і прэміяльнай даплаты.
Згодна з артыкулам 81 Закона “Аб пенсійным забеспячэнні”, пераразлік прызначанай пенсіі ажыццяўляецца з першага чысла месяца, наступнага за тым, у якім пенсіянер звярнуўся па пераразлік пенсіі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
Пенсія ў новым павышаным памеры будзе выплачвацца адразу пасля пераразліку. Розніца паміж “новай” і “старой” пенсіяй будзе захоўвацца пры ўсіх наступных штогадовых павышэннях (індэксацыях) пенсіі.
Фарміраваць прэмію за адкладзены выхад на пенсію можна паэтапна: заяву аб адмове ад атрымання пенсіі можна падаўжаць некалькі разоў, можна рабіць перапынкі (перыяды работы без атрымання пенсіі будуць сумавацца).
Грамадзянін таксама мае права змяніць прынятае рашэнне аб адмове ад атрымання пенсіі і звярнуцца з заявай аб аднаўленні яе выплаты за перыяд неатрымання (калі пераразлік згодна з артыкулам 23-1 яшчэ не выкананы).
Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga