Як быць эфектыўным кіраўніком, абмеркавалі педагогі раёна

Грамадства Свежыя навіны

На базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы прайшоў семiнар кiраўнiкоў установаў адукацыі раёна, на які таксама былі запрошаны педагогі, якія знаходзяцца ў “рэзерве кадраў”. Абмеркавалі ўмовы для самарэалізацыі і канкурэнтаздольнасць.

Удзельнікаў семінара сустрэлі прывітальным словам вучні, педагогі, члены прафсаюзнай арганізацыі, пярвічак грамадскіх аб’яднанняў “БСЖ” і “Белая Русь”.

Начальнiк аддзела адукацыi райвыканкама Марына Лашкоўская адзначыла, што тэма семінара “Як быць эфектыўным кіраўніком, каб развіваць прафесію педагога і павышаць прэстыж сваёй навучальнай установы”, вызначана невыпадкова, яна вельмi актуальная.

Якія ўмовы створаны ва ўстанове для арганізацыі адукацыйнага працэсу, расказаў дырэктар Казлоўшчынскай школы Ігар Данільчык. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на матэрыяльна-тэхнічную базу і пазабюджэтную дзейнасць. Была адзначана важнасць кадравага патэнцыялу для вырашэння пастаўленых задач і забеспячэння якасці адукацыі. На канкрэтных прыкладах Ігар Уладзімiравiч патлумачыў, што вынікі на рэгіянальным і рэспубліканскім узроўнях магчымы, калі забяспечаны ўсе ўмовы. З гонарам пералічыў значныя дасягненні сёлетняга навучальнага года: настаўніца матэматыкі Жанна Цяцерына стала лаўрэатам абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”; на абласным конкурсе даследчых работ “Крыштальная Альфа” настаўнiца хiмii Таццяна Рак і яе навучэнка Анастасія Патапчык атрымалі дыплом III ступені; рэспубліканскі ўзровень пакарыўся настаўніцы біялогіі Тамары Буяк і яе навучэнцы Варвары Ламака – на конкурсе эколага-біялагічных даследчых работ яны ўзнагароджаны дыпломам III ступені. Творчыя работы настаўнiцы працоўнага навучання Рамуальды Добыш таксама адзначаны дыпломамi III ступенi на рэспублiканскiм узроўнi.

Затым гасцям прапанавалi наведаць практычную частку семінара, дзе яны сталi ўдзельнікамі майстар-класа Жанны Цяцерынай. Педагог расказала пра важнасць візуалізацыі на занятках, адзначыла, што пры правільным выкарыстанні гэты прыём дазваляе значна павысіць якасць навучання.

Урок для дарослых “Анатомія і работа сэрца” правяла Тамара Буяк. У час занятку педагог азнаёміла прысутных з прыёмамі коўчынга як сродкам развіцця самаацэнкі і інтэлекту вучняў. Асаблівую ўвагу звярнула на правілы здаровага ладу жыцця, падкрэсліла важнасць беражлівых адносінаў да сэрца, асабліва для дарослых.

Удзельнікі семінара сталі гледачамі паказальнага агляду строю і песні “Патрыётамі не нараджаюцца, імі становяцца”. Падрыхтаваў выступленне юнакоў 8, 10, 11 класаў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Святаслаў Буяк. Госці семінара заўважылi, як страявое навучанне дысцыплiнуе, выпрацоўвае выканаўчасць, падцягнутасць, выпраўку.

Прадоўжыла насычаны, карысны і цікавы дзень работа дыялогавай пляцоўкі “#МЫАДЗІНАЕЦЭЛАЕ”. Слова ўзялі вучні, іх бацькі і педагогі. Дзеці падзяліліся сакрэтамі, як кожны з іх дасягнуў поспехаў у пэўнай сферы вучобы, як яны ідуць да пастаўленых мэтаў, расказалі пра любімых настаўнікаў, якія ім у гэтым дапамагаюць. У відэапрэзентацыі бацькі выказалі словы ўдзячнасці педагогам, адміністрацыі, пажадалі школе далейшых поспехаў. Прыемнае ўражанне склалася ў гасцей і ад творчых нумароў дзяцей.

Напрыканцы сустрэчы Ігар Данільчык праспяваў песню “Мы – адзінае цэлае”. У пацверджанне гэтых слоў да кіраўніка ўстановы далучыліся педагогі, вучні школы і нават удзельнікі семінара.

Паколькі сустрэча ладзілася напярэдадні праваслаўнага Вялікадня, дзеці ўручылі гасцям віншавальныя паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі.

Вольга ЯФІМІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Іна ЦІМАФЕЙЧЫК,
бiблiятэкар

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga