Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія парафіяне!
Пасля дзён цемры, мукі і смерці на крыжы, пасля таго, як быў пакладзены ў магілу, Хрыстос паўстаў, яснеючы бляскам славы. Уваскрос! Жывы!
Паўстаннем з памерлых Езус пацвердзіў вялікую таямніцу веры, што сапраўды з’яўляецца Богам-Чалавекам. Ён Чалавек, таму змог памерці за нас. Ён Бог, таму змог уваскрэснуць.
Уваскрэсенне – фундамент надзеі, якая так неабходна ў сітуацыі, калі разнастайныя турботы ўрываюцца ў наша жыццё, а асабліва клопат аб заўтрашнім дні, калі пагражае страта ці адсутнасць працы. Уваскрослы Пан усіх нас ахоплівае сваёй любоў і гаворыць: “Не бойцеся! Я з вамі. Я застаўся з вамі па-новаму: пад постаццю хлеба і віна. Для для вас спажыткам, які дае жыццё”.
Урачыстасць Уваскрэсення Пана павінна перажывацца з усведамленнем таго, што гэта Бог уваходзіць у наша жыццё і запрашае быць надзеяй для свету, уваскрашаючы яго сведчаннем братэрства і салідарнасць, барацьбой за праўду і справядлівасць, даверам і любоў, прабачэннем і паяднаннем.
Вялікдзень – гэта не такі звычайны дзень, як іншыя. Гэта выключны час, які павінен напаўняць наша жыццё асаблівай радасцю. І няхай так будзе! Як заўважыў святы апостал Павел, калі б Хрыстос не ўваскрос, дарэмнай была б наша вера. Можна дадаць, што не толькі вера, але і ўвогуле жыццё людзей, у якім так многа цяжкасцей і перажыванняў.
Дарагія браты і сёстры!
У моцы Хрыста ўскрыжаванага і ўваскрослага, Валадара Сусвету, прыміце найлепшыя велікодныя пажаданні: супакою, ласкі, надзеі, бласлаўлення. Няхай Пан аддаліць ад нас хваробы і дасць ласку жыцця велікодным пасланнем, што любоў усё перамагае. Давайце дазволім, каб Збаўца валадарыў у нашым жыцці. На час радаснага перажывання свят Уваскрэсенне Пана і давання сведчання пра ўваскрослага Хрыста запэўніваю вас у сваёй малітве і ад усяго сэрца бласлаўляю.
Хрыстос уваскорос! Сапраўды ўваскрос!
Здзіслаў ПІКУЛА,
ксёндз-пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі г. Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga