У пошуках “чэмпіёнаў”

Свежыя навіны Спорт і турызм

Стартаваў другі сезон футбольнага праекта “Чэмпіён”, які праводзіцца пры падтрымцы Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”, аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.

Удзельнікамі праекта ў гэтым годзе сталі хлопчыкі і дзяўчынкі 2011-2013 гадоў нараджэння. Першымі далучыліся да яго навучэнцы Жукоўшчынскай базавай і Гезгалаўскай сярэдняй школ, яны актыўна паўдзельнічалі ў тэставых практыкаваннях і згулялі ў міні-футбол.

Праект “Чэмпіён” пройдзе ў 4 этапы: першы адзначыцца правядзеннем тэставых практыкаванняў з элементамі валодання мячом і турнірам па міні-футболе; другі – фестывалем “Адзін пераможца”; трэці – правядзеннем фестывалю футбольных навыкаў, і завяршальны –масавымі раённымі спаборніцтвамі па міні-футболе.

Па суме трох этапаў праекта лепшыя 6 хлопчыкаў і дзяўчынак ад кожнай школы будуць запрошаны на фінал, які адбудзецца 26 мая 2023 года ў Дзятлаве, таксама ў кожнай узроставай групе па выніках спаборніцтваў будзе вызначаны “чэмпіён”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga