21 красавіка ў Мінску, у храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай, прайшла ўрачыстая Цырымонія ўшанавання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2022”.
Конкурс з’яўляецца выдатнай традыцыяй Беларускага саюза жанчын, якая дапамагае на ўсю рэспубліку заявіць аб самых таленавітых, заслужаных, творчых беларусках. Сёлетні год не стаў выключэннем. Нашых суайчынніц ушаноўвалі ў намінацыях “Паспяховы кіраўнік”, “Актыўная грамадзянская пазіцыя”, “Сэрца аддаю людзям”, “Матуліна слава”, “Гаспадыня сяла”, “Духоўнасць і культура”, “Не старэюць душой ветэраны”, “За чалавечнасць і дабрыню”, а ў намінацыі “Ганарымся і памятаем” была заяўлена наша зямлячка Тамара Крывеня.
На Дзятлаўшчыне Тамару Уладзіміраўну ведаюць як нязменнага, з больш чым трыдцацігадовым стажам кіраўніка народнага музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы, чалавека нераўнадушнага да гістарычнай спадчыны малой радзімы, краязнаўцу, які знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, перадае свае веды, вопыт і на карысных справах вучыць патрыятызму падрастаючае пакаленне, робіць раён цікавым і прывабным для турыстаў.
Тамара Крывеня падзялілася ўражаннямі ад паездкі ў сталіцу:
– Сустрэча была цёплай і кранальнай. Атрымалі благаславенне Уладыкі Веніяміна, які павіншаваў нас са Светлай сядзміцай. Цырымонія праходзіла ў храме-помніку Усіх Святых, які з’яўляецца шэдэўрам духоўнага мастацтва Беларусі, душа ўкладзена ў кожны яго каменьчык, кожную цаглінку. Наведалі крыпту – ніжнюю алтарную частку храма. Аналагаў ёй няма ў свеце, бо тут сабрана зямля з палёў усіх вялікіх гістарычных бітваў у абарону Айчыны і месцаў пахаванняў мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі ваенных кампаній і рэпрэсій. Дзверы крыпты ўпрыгожаны шасцю барэльефамі “Слёзы Беларусі”, кожны з якіх адлюстроўвае адно з месцаў славы і смутку беларускага народа, а ў сценах крыпты размешчаны нішы з зямлёй з палёў вялікіх гістарычных бітваў у абарону Айчыны. Як кіраўніку музея, мне гэта было блізка і важна, выклікала самыя глыбокія пачуцці.
Усе жанчыны-ўдзельніцы сустрэчы адчулі вельмі цёплыя адносіны прадстаўнікоў улады, якія ўручалі падарункі і кветкі пераможцам розных намінацый. Мы сустрэліся са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай, старшынёй Беларускага саюза жанчын Вольгай Шпілеўскай, міністрам адукацыі Андрэем Іванцом і іншымі вядомымі людзьмі краіны.
У рамках культурнай праграмы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы нам прадставілі знакаміты спектакль “Паўлінка”. Уражанні засталіся самыя прыемныя, я адчула сябе на сёмым небе ад шчасця.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga