Яшчэ раз пра бяспеку
З мэтай знаёмства са службай ратаўнікоў і падрыхтоўкі да дзеянняў ва ўмовах экстранных і небяспечных сітуацый навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава пабывалі ў Рэспубліканскім адукацыйным цэнтры бяспекі жыццядзейнасці МНС Рэспублікі Беларусь.
Са школьнікамі быў праведзены інтэрактыўна-навучальны занятак, які праходзіў па тэматычных блоках: паводзіны ў час землятрусу, навальніцы, на вадаёмах, у лесе, у пад’ездзе з незнаёмым чалавекам, супрацьпажарная бяспека. Школьнікі тушылі “пажар” вогнетушыцелем, шукалі небяспечныя месцы ў кватэры, вызывалі ратаўнікоў, здзейснілі аварыйную пасадку на самалёце і скаціліся па эвакуацыйным трапе, змаглі ўстояць ад ураганнага ветру і прайсці лабірынт па задымленым памяшканні. У кожнай асобнай сітуацыі яны атрымалі падрабязную інструкцыю, як паводзіць сябе, што можна і нельга рабіць.
Не парушай закон!
У Раклевіцкай базавай школе рэалізуюцца мерапрыемствы раённай PR-акцыі “Дзіцячы свет без жорсткасці і гвалту!”. Днямі тут адбылася сустрэча з інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх Мікалаем Філіповічам.Ён яшчэ раз нагадаў школьнікам аб нормах заканадаўства, якія кожны грамадзянін нашай дзяржавы павінен ведаць і выконваць, заклікаў не парушаць законы, думаць, перш чым здзейсніць учынак, якія будуць наступствы ад яго.
“Смачная” экскурсія
З мэтай развіцця вытворчага турызму, а таксама ў рамках прафарыентацыйнай работы навучэнцы 7-8 класаў сярэдняй школы № 3 райцэнтра наведалі адно з самых буйных прадпрыемстваў Гродна ААТ “Молочный Мир”, якое з’яўляецца адным з флагманаў Беларусі па вытворчасці малочных прадуктаў. Гэта трэцяе па аб’ёме прадпрыемства малочнай прамысловасці і першае па рэнтабельнасці. Экскурсія праходзіла ў тры этапы. Спачатку – прэзентацыя, на якой была прадстаўлена інфармацыя аб гісторыі стварэння кампаніі, аб сацыяльнай палітыцы прадпрыемства, умовах работы, падтрымцы таленавітых дзяцей работнікаў, аб навучальных установах для атрымання адпаведнай прафесіі. Затым – наведванне “сэрца” вытворчасці – сырнага цэху. І смачны сюрпрыз – дэгустацыя прадукцыі.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga