Пра што нельга маўчаць?

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Згодна з распараджэннем Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь з 26 красавіка па 31 мая будуць праводзіцца мерапрыемствы па супрацьдзеянні злачынствам супраць палавой недатыкальнасці, палавой свабоды непаўналетніх, абароту дзіцячай парнаграфіі.

З-за высокай латэнтнасці злачынстваў гэтай катэгорыі ў большасці выпадкаў сутыкацца даводзіцца ўжо з фактам. Адной з умоваў іх учынення ў адносінах да малалетніх з’яўляецца тое, што дзеці па ўзроўні развіцця і ў сілу ўзросту не могуць разумець характар і значэнне такіх дзеянняў, аказваць супраціўленне. Акрамя таго, злачынцы прымушаюць непаўналетніх утойваць здарэнне, выкарыстоўваючы розныя спосабы ўздзеяння.

Часта высвятляецца, што знаёмства з дзецьмі яны заводзяць у інтэрнэце, часам шлюць фота ці відэаматэрыялы парнаграфічнага зместу, адзначаючы, што цяпер гэта модна, і многія падлеткі жывуць гэтым. “Педафілы” старанна ўтойваюць свае паводзіны, што выклікае шматэпізоднасць такіх злачынстваў. Як вынік, яны могуць учыняцца на працягу некалькіх месяцаў, часам і гадоў. Здараецца, што маці ведае пра тое, што бацька ці айчым учыняе злачынствы супраць палавой недатыкальнасці дзіцяці, але саромеецца ці баіцца заявіць у міліцыю.

Галоўная небяспека гэтай групы замахаў заключаецца ў тым, што палавыя злачынствы супраць непаўналетніх груба скажаюць уяўленні дзяцей пра свет і сябе, парушаюць узаемаадносіны з іншымі людзьмі. Гвалт пакідае жорсткі след на псіхічным і фізічным стане дзяцей, яны становяцца замкнёнымі, палахлівымі ці залішне агрэсіўнымі.

Інфармацыйную дапамогу па тэме любы жадаючы можа атрымаць на інтэрнэт-сайце Kids.pomogut.by.

Міліцыя заклікае, калі становіцца вядома пра факты замахаў на палавую недатыкальнасць ці свабоду непаўналетніх, а таксама асобаў, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, неадкладна паведамляць у групу па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па тэлефоне 2-15-34 ці ў аператыўна-дзяжурную службу на нумар 102. Ананімнасць гарантавана.

Дзяніс АЎРАМЕНКАЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga