З надыходам вясны руплівыя дзятлаўчане ўзяліся наводзіць парадак, вызваляць жыллё і прысядзібны ўчастак ад непатрэбнага хламу і смецця, каб сустрэць Вялікдзень з чыстым домам і сэрцам.
Клапатлівыя дзеці з гарадоў на выхадныя едуць у вёску, каб дапамагчы пажылым бацькам зрабіць уборку і ўтылізаваць смецце.
І вось тут пачынаюцца праблемы: куды ні кінь, усюды клін. Пачнеш спальваць – атрымаеш штраф ад ратаўнікоў, пакінеш ляжаць на месцы – таксама штраф, але ўжо ад інспекцыі аховы прыроды, ды ўвогуле, бардак каля дома? Можна вывезці на палігон жылкамунгаса, гэта законна і даступна, але… толькі па буднях. Куды падзець смецце? З гэтай бядой дзеці пажылых дзятлаўчан звярнуліся ў рэдакцыю газеты “Перамога”. Мы не засталіся ў баку ад праблемы, адрасавалі гэта пытанне дырэктару Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васілю Пецюку. Васіль Васільевіч расказаў пра аператыўнае новаўвядзенне ў гэтым плане:
– Палігон РУП ЖКГ, дзе можна ўтылізаваць цвёрдыя камунальныя адходы, працуе па буднях з 8 да 17 гадзін. У сувязі з раённым месячнікам па навядзенні парадку на зямлі і зваротам рэдакцыі, прынялі рашэнне, што на працягу ўсяго красавіка ён будзе функцыянаваць і па суботах з 10 да 15 гадзін. Аплата за вываз адходаў праводзіцца на месцы, яна складае 2 рублі 10 капеек за адзін кубічны метр.
Разам з тым Васіль Васільевіч нагадвае, што другасныя матэрыяльныя рэсурсы (шкло, пластык, паперу) нельга выкідваць на сметнік: іх можна здаць у спецыяльных пунктах прыёму або ўтылізаваць у адпаведныя кантэйнеры.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga