У Наваельні, на месцы масавага расстрэлу мірнага насельніцтва, дзе ў 2022 годзе былі перапахаваны астанкі ахвяраў генацыду, быў закладзены “Сквер Памяці”.
У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, сілавых структур, работнікі РУП ЖКГ, лясгаса, навучэнцы і дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы.
Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч узгадаў, што акцыя праходзіць у чарадзе мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні помнікаў і мемарыялаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў межах раённага суботніка.
– Сёння мы знаходзімся на свяшчэнным і жалобным для дзятлаўчан месцы, – адзначыў Ігар Станіслававіч. – Мы павінны не толькі ўшанаваць памяць загінулых, але і беражліва перадаць яе нашчадкам.
У час пасадкі дрэваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі расказаў, якая работа па ўвекавечанні памяці ахвяраў ваеннага ліхалецця вядзецца ў раёне.
– На Дзятлаўшчыне каля 90 помнікаў, прысвечаных салдатам і мірным жыхарам, загінулым у Вялікай Айчыннай вайне. Шэфства над імі маюць арганізацыі раёна, якія дзесяцігоддзямі падтрымліваюць мемарыялы ў парадку. Кожны год пры падтрымцы сродкаў з раённага і абласнога бюджэту праводзіцца капітальны рамонт такіх аб’ектаў, – расказаў Андрэй Уладзіміравіч. – Сёння мы на сакральным месцы, дзе былі расстраляны больш за 500 нашых землякоў. Наколькі гэта магчыма, іх астанкі былі перапахаваны. Сімвалічна, што сёння на пустцы, дзе загінула столькі людзей, з’явіцца новае жыццё як даніна памяці аб тых, у каго яго адабрала вайна. Няхай маладыя дрэвы будуць напамінам будучым пакаленням аб страшных ваенных падзеях і аб тым, што такое не павінна паўтарыцца ніколі.
Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталь Юрго нагадаў гісторыю гэтага трагічнага месца на Дзятлаўшчыне. У ваенны камісарыят паступіла інфармацыя аб тым, што ў раёне складоў ільноэкспартнай базы ў гарпасёлку Наваельня ёсць няўлічанае пахаванне мірных жыхароў, расстраляных немцамі і паліцаямі ў 1942-1943 гадах. Пошукавая рота 52-га спецыялізаванага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь правяла раскопкі ў вызначаным раёне, у выніку чаго былі знойдзены косныя астанкі, прадметы адзення, сотні куляў і гільзаў, якія пацвердзілі факты генацыду. У снежні 2022 года астанкі загінулых мірных жыхароў былі перапахаваны.
– Падзеі жніўня 2020 года прымусілі нас звярнуцца да мінулага нашай дзяржавы. Яны паказалі, што мы сталі забываць урокі гісторыі, грэбаваць мірам, свабодай і правам на самавызначэнне, здабытымі жыццём і крывёю нашых продкаў. Менавіта гэтыя антыпатрыятычныя падзеі сталі фактарам, які паўплываў на рашэнне Генеральнай пракуратуры аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа, – адзначыў Віталь Юрго. – Расследаванне, накіраванае на ўстанаўленне ўсіх фактаў і абставінаў генацыду беларускага народа, прадаўжаецца, каб мы маглі ўвекавечыць памяць усіх ахвяраў вайны. Мы шануем мінулае, каб у нашых грамадзян назаўжды засталася перасцярога супраць спробаў перапісаць гісторыю.
Сіламі жылкамунгаса пад кіраўніцтвам старшага майстра жылфонду Сяргея Васюкевіча за сродкі раённага бюджэту месца перапахавання было добраўпарадкавана: побач з памятным каменем з’явілася мемарыяльная пліта. У час акцыі тут былі высаджаны 12 спецыяльна закупленых туй, а таксама 40 рабін, 50 бяроз і 100 соснаў, прадастаўленых Дзятлаўскім лясгасам.
Пустка, дзе ў гады вайны загінулі сотні людзей, пераўтворыцца ў бярозава-рабінава-сасновы сквер – напамін аб тым, што мы жывём пад чыстым небам, дзякуючы найвялікшай ахвяры, якую прынеслі нашы продкі дзеля мірнага жыцця на Зямлі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga