Ва ўрачыстай абстаноўцы і прысутнасці калектыву ключы ад новага аўтамабіля айчыннай вытворчасці Geeli Emgrand старшыні Вензавецкага сельскага выканаўчага камітэта Алегу Шымко ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.
– Лёгкіх дарог, поспехаў у рабоце і вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, – пажадаў Аляксандр Станіслававіч і ўдакладніў. – Новая машына нядаўна была набыта за сродкі раённага бюджэту. Перадаць яе вырашылі менавіта ў Вензавец замест папярэдняй, якая праслужыла 15 гадоў і патрабавала замены. Увогуле, у сельвыканкамах Дзятлаўшчыны паступова абнаўляецца транспарт. Толькі за апошнія тры гады набыты машыны для Жукоўшчынскага, Парэцкага, а цяпер і для Вензавецкага сельвыканкамаў. Віншую калектыў з “абноўкай”.
– Няхай Geeli Emgrand стане надзейнай памочніцай, дазволіць хутка паспяваць ва ўсе куткі сельсавета і раённы цэнтр пры вырашэнні надзённых пытанняў, – далучыўся да пажаданняў кіраўнік спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч. – Гэта мадэфікацыя беларускага аўто выпускаецца з 2022 года і з’яўляецца самым бюджэтным аўтамабілем лінейкі Geeli.
Старшыня і спецыялісты сельвыканкама з задавальненнем агледзелі “белую ластаўку”, праверылі на камфорт салон, на змяшчальнасць – багажнік і зрабілі выснову, што ў ім хопіць месца рабочаму інвентару і мотакосам для добраўпарадкавання тэрыторый сельсавета.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся Алег Шымко:
– Работа старшыні сельвыканкама не кабінетная. Я мала часу праводжу ў памяшканні: са спецыялістамі наведваю жыхароў аддаленых вёсак, важу ўдзельнікаў аглядавай камісіі, сачу за выкананнем патрабаванняў па навядзенні парадку на зямлі, дастаўляю на аб’екты работнікаў зялёнага будаўніцтва. Адным словам, кожны дзень прыносіць новыя пытанні, у вырашэнні якіх без машыны не абысціся.
Вялікі дзякуй Дзятлаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту і непасрэдна старшыні Андрэю Садоўскаму, што знайшлі магчымасць набыць новы аўтамабіль. Удзячны і старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Бараноўскаму за тое, што не пакідае па-за ўвагай актуальных патрэбаў і пытанняў, якія ўзнікаюць у старшыняў сельвыканкамаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga