І слова, і песня, і новы ўзор

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Акрамя сонейка і буйных дажджоў, ніхто не клапоціцца пра лясныя і палявыя кветкі, а красуюць яны часам прыгажэй за хатнія. З людзьмі тое ж самае: парой народныя ўмельцы сваім майстэрствам могуць сагрэць людскія душы не горш, чым імянітыя мастакі ці артысты.

Шмат гадоў у вёсцы Явар жыве жанчына, якую ў нашым раёне ведаюць многія, пераважна як самадзейную артыстку моўнага жанру, спявачку і рукадзельніцу. З дзяцінства Гэля Красоцкая па крупінках упітала ўсё тое роднае-народнае, чым жыве і дыхае беларуская вёска. Менавіта да яе ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” па “залацінкі” мудрасці і ўменні нашых продкаў завіталі спецыялісты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская і Ірына Бакшук.

У асабістай скарбонцы Гэлі Браніславаўны нямала ўзнагарод, пераважная большасць з якіх – за ўдзел у раённых творчых конкурсах. Першай жа яе маштабнай “хвілінай славы”, як узгадвае наша зямлячка, было выступленне за раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў па зроку на адным з абласных аглядаў-конкурсаў, дзе з жартоўнай песняй “Жонка мужа не любіла” сярод прадстаўнікоў розных раёнаў Гродзеншчыны Гэля Браніславаўна стала абсалютнай пераможцай. Творчасць “з іскрынкай гумару” заўсёды была характэрнай рысай сцэнічных выступленняў Гэлі Красоцкай. Любоў да песні, пераважна беларускай народнай, збліжала нашу зямлячку з яе гледачамі, а ўменне захапляльна і смешна расказваць павучальныя байкі рабіла яе сустрэчы з публікай яркімі і запамінальнымі.

Па стане здароўя ў апошнія гады Гэля Браніславаўна ўжо не ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, тым не менш памятае незлічоную колькасць песень і нямала цікавых баек, некалькі з якіх з вялікім задавальненнем расказала сваім гасцям. Галоўныя дзеючыя асобы гэтых алегарычных твораў – такія ж вяскоўцы, выхадцы з простага народа, як і сама расказчыца, а таму ёй пад сілу яскрава, ва ўсіх тонкасцях і фарбах перадаць тую ці іншую з’яву чалавечага жыцця.

Адкуль вытокі таленту Гэлі Красоцкай? Па адказ на гэта пытанне трэба звяртацца ў яе дзяцінства. Родам яна з вёскі Старына, з простай беднай сялянскай сям’і. Бацьку свайго не памятае, бо памёр, калі дзяўчынцы было пару гадкоў, матуля ж цяжка хварэла, таму на дзіцячыя плечы змалку лягло шмат работы. Так здарылася, што настаўнікамі дзяўчынкі былі не толькі школьныя педагогі, але і вясковыя жанчыны, да якіх хілілася Гэля, за паўсядзённымі клопатамі і справамі якіх пільна назірала, стараючыся пераняць для сябе самыя карысныя ўменні.

– Можа, пяцікласніцай я пачала бегаць на вячоркі, – успамінае яна. – Па-першае, любіла слухаць, як спяваюць, і сама падпявала. Па-другое, суседкі збіраліся разам за рукадзеллем, і мне было вельмі цікава назіраць, як з-пад іх умелых рук “выходзілі” дзівосныя карункі, звязаныя кручком, ці ткаліся яркія квяцістыя посцілкі. Аднойчы прыбегла з такіх пасядзелак, схапіла ў рукі звычайную іголку, спрабавала вязаць так жа, як мясцовая майстрыха, але атрымлівалася кепска. На шчасце, у хату зайшла суседка, маці і папрасіла ў яе кручок для майго новага захаплення. З таго часу я практыкавалася ў вывязванні розных зубочкаў і карункаў.

Мінулі дзесяцігоддзі. Сёння інтэр’еры хаты Гэлі Браніславаўны ўпрыгожваюць дзясяткі, калі не сотні, рукатворных шэдэўраў, такіх жа яркіх, як і натура самой майстрыхі. Яе творчы свет – багаты на сакавітыя фарбы і колеры ад стрымана-халоднай гамы да сонечна-цёплай.

– У мяне нічога не прападае, кожны клубочак ідзе ў справу, – падзялілася сакрэтамі стварэння сваіх родных-народных шэдэўраў майстрыха. – Беражліва захоўваю першы вышыты мной ручнік, само палотнішча якога дасталося ў падарунак ад дзядзькі – бацькавага брата, затым я аздобіла яго вязаным кручком “зубком” і вышываным крыжыкам узорам. Даўно “сябрую” з вышыўкай гладдзю, вынікам чаго сталі шматлікія рэчы для ўпрыгажэння інтэр’ера, пераважна таксама ручнікі, матывы для якіх нярэдка пераймала ў іншых вясковых вышывальніц.

Сапраўды, калі ўваходзіш у жылыя пакоі да Гэлі Браніславаўны, нібыта трапляеш у спякотны летні дзень, дзе пад промнямі цёплага сонейка распусціліся дзясяткі яркіх званочкаў, рамонкаў, браткоў, васількоў і іншых кветак роднай Беларусі. Яны не толькі на вышыванках, але і ўвязаны ў шматлікія рознакаляровыя матывы сурвэтак, вытканы на пакрывалах, ёсць нават цэлыя вывязаныя кручком букеты, пастаўленыя ў вазы клапатлівай рукой гаспадыні. Яркія дыванкі, дарожкі і мяккія палавічкі дадаюць аздобы гэтай самабытнай вясковай прыгажосці, такой мілай воку і характэрнай для інтэр’ераў беларускай хаты канца мінулага стагоддзя. Як хочацца, каб падобныя традыцыі продкаў не страчваліся, а ішлі надалей поруч з намі, заставаліся нашымі добрымі суседзямі і мілымі сэрцу сябрамі. Тым больш, як сцвярджае Гэля Красоцкая, яе карысныя захапленні з дзяцінства дапамагаюць ёй дакрануцца да прыгожага, акунуцца ў свет творчасці, забыўшыся на некаторы час пра жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні, адпачыць ад працоўных будняў.

Наша зямлячка не толькі стварае прыгажосць, але і памятае рэцэпты хлеба, паўсядзённых вясковых страваў і прысмакаў, якія гаспадыні гатавалі на святы, ведае прыказкі і прымаўкі, прыкметы, па якіх прадказвалі надвор’е, адным словам, яна цікавая субяседніца, якую прыемна слухаць, у якой ёсць чаму павучыцца.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga