Хто можа здаць жыллё ў арэнду і што пры гэтым трэба афармляць

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Колькасць жадаючых зняць жыллё не змяншаецца.

Каб пазбегнуць розных ускладненняў, якія могуць узнікнуць паміж уладальнікам жылля і наймальнікам, яны заключаюць дагавор найму жылога памяшкання, дзе прапісваюць усе нюансы сваіх узаемаадносінаў. Аднак многія, у тым ліку і ў Дзятлаўскім раёне, вырашаюць дамовіцца з гаспадаром “без паперак”. І гаспадары згаджаюцца – па прычыне эканоміі і адсутнасці папяровай цяганіны. Але, на жаль, нярэдка атрымліваюцца канфліктныя сітуацыі, справы даходзяць да суда.

Як уладальніку жылля зрабіць усё па правілах, высвятляем у галоўнага спецыяліста аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама, кіраўніка службы “адно акно” Станіславы Ганчар:

– Па артыкуле 49 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь здаць нерухомасць мае права любы ўладальнік. Неабходна звярнуцца з дагаворам (за выключэннем здачы для кароткатэрміновага пражывання) для абавязковай працэдуры рэгістрацыі ў службу “адно акно” (у сельскай мясцовасці заяўнікі павінны звярнуцца ў свой сельскі выканаўчы камітэт) з наступным пакетам дакументаў:

— заява, падпісаная ўласнікам жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду і ўдзельнікамі агульнай долевай уласнасці на жылое памяшканне;

— пашпарты ўласніка жылога памяшкання і наймальніка гэтага памяшкання;

— тры экзэмпляры дагавора найму (арэнды) або дадатковага пагаднення да яго. Форма дагавора найму зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12.09.2006 года № 1191 “Аб мерах па рэалізацыі ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 2006 года № 497;

— тэхнічны пашпарт і дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на жылое памяшканне;

— пісьмовая згода ўсіх уласнікаў жылога памяшкання ў выпадку, калі здаецца жылое памяшканне, якое знаходзіцца ў агульнай уласнасці.

Пры гэтым неабходна прысутнасць абодвух бакоў дагавора. Калі жылое памяшканне знаходзіцца ва ўласнасці некалькіх грамадзян, абавязковая асабістая прысутнасць усіх уласнікаў з пашпартамі для дачы імі пісьмовай згоды на здачу жылля.

Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры – 2 дні з дня падачы заявы. Плата за яе не спаганяецца.

Служба “адно акно” на працягу пяці дзён з даты рэгістрацыі накіруе копію дагавора ў падатковы орган па месцы жыхарства наймадаўцы.

Варта ведаць, што дагавор найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду, арэнды жылога памяшкання, пабудаваных (рэканструяваных) або набытых з прыцягненнем ільготнага крэдыту, прадастаўленага ў адпаведнасці з заканадаўствам ААТ “ААБ “Беларусбанк”, або пабудаваных (рэканструяваных) з выкарыстаннем субсідыі на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам (субсідыі на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам і субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце), выдадзеных банкамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылых памяшканняў, да поўнага пагашэння гэтага крэдыту падлягае рэгістрацыі пры наяўнасці дазволу Дзятлаўскага райвыканкама на прадастаўленне такога жылога памяшкання (яго частак) па дагаворы найму, арэнды.

Па агульным правіле дагавор скасоўваецца, як толькі завяршаецца тэрмін арэнды. Але змяніць яго бакі могуць у любы момант па дамоўленасці, пра што ініцыятар паведамляе мінімум за месяц. З заявай аб скасаванні дагавора найму неабходна таксама будзе звярнуцца ў службу “адно акно”.

Нагадаем, у Дзятлаве служба “адно акно” знаходзіцца па адрасе: вул. Чырвонаармейская, 21 (уваход з тарца).

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga