Згодна з пунктам 3 указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2021 года № 281 “Аб выплаце штогадовай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі” і ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 сакавіка 2023 года № 180 “Аб матэрыяльнай дапамозе асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі ў 2023 годзе”, яна будзе аказана атрымальнікам пенсіі Рэспублікі Беларусь і (ці) іншых дзяржаваў, якія пастаянна жывуць у Рэспубліцы Беларусь, у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь у галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння.
Хто і якія сумы атрымае?
У памеры 2000 рублёў:
– інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, асобы, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года;
– асобы, якія прымалі ўдзел у саставе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах.
У памеры 1100 рублёў:
– асобы, узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
– асобы, якія працавалі на аб’ектах супрацьпаветранай абароны, мясцовай супрацьпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб’ектаў у паласе тылавых межаў дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог;
– асобы, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года і ўзнагароджаны медалём “За абарону Ленінграда”, і асобы, узнагароджаныя знакам “Жыхару блакаднага Ленінграда”.
У памеры 850 рублёў:
– члены сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, загінулых (памерлых), зніклых без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны (жонкі і мужы, якія не ўступілі ў новы шлюб, дзеці-інваліды з дзяцінства, у тым ліку усыноўленыя, удачароныя, іншыя ўтрыманцы, якім устаноўлена павышэнне пенсіі на ўказаных падставах у адпаведнасці з заканадаўствам);
– былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, якім устаноўлена павышэнне пенсіі на ўказанай падставе ў адпаведнасці з заканадаўствам;
– інваліды з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з наступствамі ваенных дзеянняў.
Матэрыяльная дапамога будзе аказана ў перыяд з 26 красавіка па 4 мая 2023 года ў парадку, устаноўленым заканадаўствам для выплаты пенсій.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама па адрасе: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56 або па тэлефоне 2-15-86.
Наталля ЧАРНЯК,
галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga