Фестываль школьных талентаў запальвае зоркі на небасхіле раёна

Важнае Грамадства Падзеі

Упершыню ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава прайшло шырокафарматнае мерапрыемства з удзелам педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў – фестываль школьных талентаў.

Спачатку дзеці і іх настаўнікі запрасілі дарослых, а таксама сваіх малодшых братоў і сястрычак у творчую майстэрню з яркай назвай “Школьны Сусвет”, дзе заклікалі паглядзець і нават самім паўдзельнічаць у даследчых праектах, эксперыментарыуме, рабоце творчых майстэрняў і выставаў.

Праграму свята прадоўжыў урачысты канцэрт з узнагароджаннем вучняў, якія праявілі сябе ў вучобе, спорце, творчасці, даследчай дзейнасці. На пачатку яго прысутных павітаў дырэктар установы Іван Кібінь:

– Для сённяшняй сустрэчы мы выбралі просты, але прыгожы лозунг: “Да планеты Талентаў імкніцеся заўжды. Сёння ты зорачка, заўтра – Звязда!”. Гэта пра нашых дзяцей, якія на працягу навучальнага года ўдзельнічаюць у турнірах, спаборніцтвах, алімпіядах, выставах, якія даюць магчымасць рэалізавацца кожнаму дзіцяці. І ўсё пачынаецца з першага класа. Веру, яны вырастуць  разумнымі і годнымі людзьмі. І калі нехта сумняваецца ў сваіх талентах, тады яго памочнікам выступае педагог. Ён матывуе дзіця, дапамагае, настаўляе, каб гэта маленькая зорачка абавязкова запалілася. Сёлета мы ўпершыню прадстаўляем фестываль школьных талентаў, аднак верым, што ён стане традыцыйным. Ушаноўваем і дэманструем дасягненні тых навучэнцаў, якія максімальна пастараліся і праявілі сябе ў сценах школы, бо школа – гэта тое, што дае старт у жыццё. Усё пачынаецца з маленькага поспеху, і мы заўважаем усе дасягненні нашых дзяцей. Спадзяюся, на далейшае жыццё іх дэвізам стане: “Іду і найду дарогу, а найлепш – сам яе пракладу”.

Дзеці разам з музычным кіраўніком Валянцінам Палухіным парадавалі гледачоў вершамі, песнямі, інструментальнымі нумарамі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: