11 красавіка з рабочым візітам наш раён наведаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.
У дзіцячым аддзяленні “Баравічок” філіяла “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца” разам з намеснікам старшыні райвыканкама Ігарам Кухарэвічам, намеснікам генеральнага дырэктара ААТ “Белаграздраўніца” Віктарам Панамаровым, намеснікам начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Ларысай Трайнель, галоўным доктарам санаторыя “Радон” Леанідам Карпішэвічам ён азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай і лячэбнай базай. Аб дзейнасці ўстановы, разлічанай на адначасовае аздараўленне 176 дзяцей, расказаў начальнік аддзялення Уладзімір Мармыш, які правёў для гасцей экскурсію з наведваннем нядаўна адрамантаваных харчблока і сталовай, а таксама лячэбнага корпуса і школы, дзе юныя адпачывальнікі не толькі вучацца, але і займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах.
На сустрэчы з працоўным калектывам Генадзь Балбатоўскі расказаў аб дзейнасці і далейшых перспектывах развіцця сферы:
– Ужо ўвайшло ў практыку, што прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання штомесяц наведваюць прадпрыемствы па кірунках дзейнасці, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, каб даведацца аб рабоце, атмасферы, вывучыць праблемныя пытанні, праінфармаваць аб актуальных змяненнях і тэндэнцыях.
У Беларусі працуюць 102 санаторыі на 28 тысяч ложка-месцаў, сярод якіх 7 дзіцячых і 12 рэабілітацыйных цэнтраў для дзяцей. З улікам сацыяльнай арыентаванасці нашай дзяржавы і дэмаграфічных працэсаў акцэнт робіцца менавіта на здароўе дзіцячага насельніцтва. На аздараўленне грамадзян штогод выдзяляецца сума, эквівалентная 100 мільёнам долараў ЗША, 90 % сродкаў траціцца менавіта на падрастаючае пакаленне. Дзіцячыя санаторыі запоўнены практычна на 100 %. Аднак колькасць дзіцячага насельніцтва падае, таму прыспеў час задумацца, як працаваць далей. У ААТ “Белаграздраўніца” ўжо адкрываюцца аддзяленні “маці і дзіця” з аказанем паслугаў яшчэ і дарослым.
Немалаважна, што ва ўмовах рынку сістэма санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення краіны не толькі стабільна працуе, але і дынамічна развіваецца, аб чым сведчыць сярэднегадавая запаўняльнасць на ўзроўні 80 %. Нават у перыяд каранавірусу спрацавалі са станоўчым эканамічным вынікам, а летась перавысілі паказчыкі дакавіднага года. Напрыклад, па экспарце паслугаў выйшлі на лічбу 245 мільёнаў рублёў. Адзначаецца павышэнне інтарэсу да аздараўлення ў грамадзян Беларусі, мяркую, гэта тэндэнцыя захаваецца.
Прывабліваюць прыродны патэнцыял нашай краіны, лячэбная база санаторыяў і вопытны медыцынскі персанал. Людзі едуць па паслугі, якія не могуць атрымаць у іншым месцы. На тэрыторыі беларускіх здраўніц працуюць каля 90 свідравін з мінеральнай вадой, кожная з якіх унікальная па сваіх уласцівасцях, санаторыямі выкарыстоўваюцца сапрапелевыя гразі з 5 радовішчаў. На прыкладзе таго ж санаторыя “Радон” можна адзначыць, што менавіта станоўчы эфект прываблівае сюды адпачывальнікаў.
Генадзь Балбатоўскі падзякаваў спецыялістам аддзялення “Баравічок” за іх унёсак ва ўмацаванне і захаванне здароўя дзіцячага насельніцтва краіны, пажадаў далейшых поспехаў у рабоце.
Затым ён наведаў санаторый “Радон”, дзе агледзеў новы корпус.
– Установы Дзятлаўскага раёна пацвердзілі свой высокі статус і якасць аказання паслугаў, – адзначыў напрыканцы свайго візіту Генадзь Мікалаевіч. – Дзятлаўшчына ўнікальная менавіта сваім прыродным патэнцыялам, бо радонавых крыніц па ўсёй Еўропе налічваецца не больш за дзясятак. Важна, што дынамічна развіваецца інфраструктура санаторыя “Радон”, на высокім узроўні прадастаўляюцца паслугі для дзяцей у аддзяленні “Баравічок”. У нашай краіне попыт на санаторна-курортнае лячэнне стабільны і будзе расці.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga