Дзелавы панядзелак. Клопат і павага фарміруюць непарыўную сувязь пакаленняў

Важнае Улада

Актуальныя акцыі, новыя праекты, работы на палях, будаўнічыя і рамонтныя рэсурсы – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Перад пачаткам асноўнай размовы па рабочых пытаннях Андрэй Уладзіміравіч павіншаваў усіх прысутных са святам Вялікадня як каталіцкай, так і праваслаўнай канфесій і адзначыў, што гэта – самае вялікае і светлае хрысціянскае свята, свята асаблівага ўнутранага праабражэння.

– Для хрысціян усяго свету – гэта сімвал перамогі жыцця над смерцю, дабра над злом. Сумна сёння назіраць і выклікаюць абурэнне адкрытыя ганенні на веру ў суседняй Украіне, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – Думаю, час паставіць усё на свае месцы. Жадаю ўсім міру і дабрабыту.

Чысты не толькі чацвер

У раёне працягваюцца работы ў рамках месячніка па навядзенні парадку на зямлі. На мінулым тыдні прайшоў раённы суботнік, 22 красавіка плануецца правядзенне рэспубліканскага. Як адзначыў Андрэй Садоўскі, шмат увагі ў рамках раённага суботніка было нададзена райцэнтру, а таксама закладцы “Сквера Памяці” ў Наваельні, іншыя населеныя пункты засталіся крыху ў баку. Андрэй Уладзіміравіч заклікаў мясцовыя ўлады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, насельніцтва пасёлкаў, аграгарадкоў сумеснымі намаганнямі прыбраць скверы, дваровыя пляцоўкі шматпавярховак, вуліцы сваіх населеных пунктаў; даручыў жыллёва-камунальнай гаспадарцы падрамантаваць, дзе ёсць такая неабходнасць, лаўкі, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, малыя архітэктурныя формы, помнікі, завяршыць добраўпарадкаванне.

Набліжаецца Радаўніца, людзі прыбіраюць магілы сваякоў.

– Не трэба забываць і пра магілы тых, хто падарыў нам мірнае неба ў гады Вялікай Айчыннай вайны, заслужаных землякоў. Гэтыя пахаванні таксама трэба прывесці ў належны стан. Гэта патрэбна нават не тым, хто пахаваны, а нам і нашым дзецям, бо гэта непарыўная сувязь пакаленняў – памяць і павага да старэйшага пакалення, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

У лес – не на прагулку

Тыдзень лесу праводзіцца ў раёне з 15 па 22 красавіка.

Некаторыя арганізацыі ўжо падключыліся да дапамогі лясгасу. Напрыклад, актыўна выйшлі на пасадку дрэў установы адукацыі – 15-ю ўстановамі высаджаны маладыя дрэўцы на плошчы 68,5 гектара.

Далучыцца да добрай справы можа кожны – для гэтага неабходна звярнуцца ў лясгас або бліжэйшае лясніцтва, дзе валанцёраў забяспечаць неабходным інвентаром і пасадачным матэрыялам.

Кіраўніцтва раёна, работнікі райвыканкама, дэпутацкі корпус таксама на бягучым тыдні прымуць удзел у пасадцы лясных культур.

З планам на будучыя перыяды

Што тычыцца работы аграрнага сектара, то на парадку дня – палявыя работы.

На гэтым тыдні сяўбу буракоў гаспадаркі Дзятлаўшчыны павінны завяршыць і прыступіць да пасеву кукурузы – аб’ём плошчаў пад яе ў раёне амаль у два разы большы за аб’ём пад збожжавыя. Заўвагі прагучалі на адрас гаспадарак, якія маюць інвестараў, пры гэтым спазняюцца з вясновымі работамі, хоць іх фінансавае становішча больш стабільнае.

Што датычыцца жывёлагадоўлі, як адзначыў першы намеснік – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, значная ўвага надаецца кармленню буйной рагатай жывёлы, пераводу яе на пашавае ўтрыманне.

Старшыня райвыканкама даручыў Віталію Шулейку правесці аналіз фінансавага стану гаспадарак з падрабязнай “раскладкай” рэнтабельнасці па чыстым прыбытку – эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў.

У цэнтры ўвагі аграрыяў застаюцца пытанні падрыхтоўкі кормаўборачнай тэхнікі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga