Вясна і кветкі – усё для вас, жанчыны!

Важнае Улада

Напярэдадні 8 Сакавіка самых актыўных, перспектыўных, таленавітых жанчын Дзятлаўшчыны разам сабрала раённае свята.

Пляцоўкай для цёплай сустрэчы за кубачкам чаю стала сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава, педагогі і навучэнцы якой з артыстамі падрыхтавалі для гасцей цікавую канцэртна-забаўляльную праграму.

У Год міру і стварэння для дзятлаўчанак, якіх аб’ядноўвае актыўная жыццёвая пазіцыя, азарт, энтузіязм, настойлівасць у дасягненні пастаўленых мэтаў, гучалі шчырыя пажаданні і добрыя віншаванні ад сябровак і мужчын раёна.

– Вы, жанчыны, заўсёды ўмееце быць рознымі і радаваць нас, клапаціцца пра мужчын як матулі, бабулі, дочкі, унучкі, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама Віталій Шулейка. – Ад імя мужчынскай паловы Дзятлаўшчыны віншую вас са святам! Нягледзячы на тое, што каляндарная вясна надышла некалькі дзён таму, асабліва цёплы вясновы настрой пануе менавіта сёння. Жадаю вам яшчэ больш цяпла, здароўя, утульнасці, каб заўсёды радаваліся і часцей усміхаліся.

На падставе Указа № 56 “Аб узнагароджанні ордэнам Маці”, падпісанага 24 лютага 2023 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, за нараджэнне і выхаванне пяцярых і больш дзяцей да сёлетняга свята гэтай ганаровай узнагароды ўдастоены прадстаўніцы розных сфер дзейнасці нашай краіны, у тым ліку жыхарка вёскі Руда Яварская, кладаўшчыца Хвінявіцкай сярэдняй школы Марына Лішык.

Ордэн Маці Марыне Іосіфаўне ўручыў Віталій Шулейка. Граматы райвыканкама атрымалі дырэктар Хвінявіцкай сярэдняй школы Святлана Цілігузава, медсястра тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Таццяна Лупік. Падзячнымі лістамі райвыканкама адзначаны галоўны спецыяліст КСУП “Войневічы” Наталля Скібінская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы Алена Баковіч, вядучы спецыяліст па кадрах Дзятлаўскага ПМС Алена Галаванёва, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Губар.

Быць заўсёды любімымі і самім любіць жанчынам раёна пажадаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён уручыў Падзячныя лісты райсавета галоўнаму заатэхніку КСУП “Хвінявічы” Марыі Слушко, дырэктару Дзятлаўскага раённага ЦКРНіР Марыне Гуговіч, загадчыцы педыятрычнага аддзялення ЦРБ Наталлі Радомскай, матулі-выхавальніцы Марыне Шэлег, настаўніцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Кацярыне Латушка.

Ад імя раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” жанчын павіншаваў яе старшыня, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Падарункі аб’яднання ад яго атрымалі бібліятэкар раённай бібліятэкі Алена Якаўчык, дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева, Наталля Якшук, кіраўнік народнага музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы Тамара Крывеня, інспектар Дзятлаўскага сельвыканкама Таццяна Андруцэвіч.

Простага жаночага шчасця дзятлаўчанкам пажадала старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель і ўручыла падарункі спецыялісту па сацыяльнай рабоце ЦСАН Дзятлаўскага раёна Наталлі Чыжык і сястры-гаспадыні райпаліклінікі Таццяне Сіняк.

Цёплыя прафсаюзныя віншаванні зямлячкам адрасавалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі. Падарункамі яны адзначылі інспектара па кадрах ААТ “Граніт-Агра” Людмілу Скварчынскую, бухгалтара КСУП “Жукоўшчына” Наталлю Талстыка, загадчыцу Новаяльнянскага ясляў-сада Людмілу Піваварчык, аператара Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” Алену Ёдчык.

Вершы, песні, музычныя паштоўкі ўдзельніцам сустрэчы дарылі Сяргей Малышчык, Іван Кашко, Антаніна Зайцава, Валерый Макарчык, Яна Белавус і юныя артысты.

Новая ўладальніца ордэна Маці, матуля пяцярых сыноў Марына Лішык расказала пра сябе і сям’ю, падзялілася сакрэтам, ці лёгка быць шматдзетнай:

– Родам я з вёскі Сцеркава Лідскага раёна. На Дзятлаўшчыну трапіла пасля заканчэння Ашмянскага сельскагаспадарчага каледжа. Працавала ў бухгалтэрыі СВК “Рудаяварскі”, затым была сакратаром-машыністкай Рудаяварскай, Лявонавіцкай школ, цяпер – кладаўшчыца Хвінявіцкай сярэдняй школы, пакуль знаходжуся ў водпуску па доглядзе малодшага сына Арцёма.

Першы мой муж, бацька дваіх старэйшых сыноў, памёр. Разам з Анатолем Жамойдзікам, які працуе механізатарам КСУП “Хвінявічы”, мы ўжо 10 гадоў, падрастаюць трое нашых малодшых сыноў.

– Раскажыце пра кожнага са сваіх дзяцей.

– Старэйшы Яўген ужо жанаты. Ён скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, працуе ў абласным цэнтры кансультантам будаўнічага магазіна. З дзяцінства ён быў цікаўным, любіў чытаць, захапляўся мовамі, нават удзельнічаў у алімпіядзе па нямецкай, быў гуманітарыем.

Дзмітрый больш актыўны і дзелавы. Па спецыяльнасці ён механік, але таксама працуе ў Гродне кансультантам. У яго цікавасць да камп’ютараў.

Сярэдні Саша кемлівы, старанна вучыцца, любіць чытаць і пазнаваць свет, іграе на домры, педагогі яго хваляць.

Дзяніс больш спакойны, ён любіць інтэрнэт і гульні, а вось чытаць пакуль не вельмі.

Малодшы Арцём – радасць нашай сям’і, яму ўсё цікава, ён вельмі любіць бавіць час са старэйшымі братамі.

– Ці хацелася вам дачушку?

– Спачатку жадала і дзяўчынку, асабліва калі нарадзіўся першы сын, пазней зразумела, што хлопчыкі – гэта някепска, таму, калі чакала Арцёмку, не засмучалася.

– Якія традыцыі ў вашай вялікай сям’і?      

– Самая шануемая – збірацца на Вялікдзень у маіх бацькоў разам з сям’ёй брата. На 8 Сакавіка ў мяне двайное свята: не толькі Жаночы дзень, але і дзень нараджэння сыночка Сашы. Сёлета яму ўжо 9 гадоў – вось які цудоўны падарунак я сабе зрабіла. Цёпла праходзіць і мой дзень нараджэння: сыны абавязкова рыхтуюцца да яго загадзя, робяць падарункі сваімі рукамі. Гэта можа быць прыгожы канверцік з малюнкам унутры або самаробная скрыначка-сюрпрыз.

– Магчыма, і вы любіце штосьці майстраваць?

– Мае захапленні звязаны з жыццёвымі патрэбамі: раней вязала, вышывала, цяпер магу і з іголкай, і з малатком працаваць, і на кухні завіхацца, і суседзям дапамагчы.

– Ці складана быць мамай вялікай сям’і, дзе адны мужчыны?

– Раней здавалася, што складана, калі старэйшыя хлопчыкі заканчвалі школу, паступалі. А цяпер, магчыма, дзякуючы жыццёваму вопыту, прыйшла мудрасць, усё стала прасцей. Дзеці мне пастаянна дапамагаюць, самі ведаюць, што трэба дома зрабіць, стараюцца.

– Якая ў вас запаветная мара?

– Мару добра адпачыць. Думаю, зрабіць гэта лепш у камфортным беларускім санаторыі разам з дзецьмі – без іх сваё жыццё ўжо не ўяўляю, сумую адна.

– І віншаванні для зямлячак

– Жадаю, каб у вашых сем’ях панавалі ўзаемаразуменне, мір, лад і спакой, каб над галавой заўсёды было мірнае неба, свяціла пяшчотнае сонейка, а ў нашай роднай краіне былі шчасце, дастатак і дабрабыт.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: