Пытанне: як “змагацца” з хатнім скандалістам і ці існуе алгарытм дзеянняў, каб прыцягнуць яго да адказнасці?
Адказвае ўчастковы інспектар АУС райвыканкама Андрэй Вінцукевіч:
– Пасля таго, як атрымана паведамленне аб сямейным скандале, да месца здарэння выбывае дзяжурная група, якая разбіраецца з вінаватым. Калі праваахоўнікі сутыкаюцца з дэбашырам не ў першы раз ці той знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, што бывае практычна ў 100 % выпадкаў, то яго дастаўляюць у аддзел унутраных спраў райвыканкама, дзе і прымаецца рашэнне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці.
Акрамя таго, кожны, хто трапіў у поле зроку праваахоўнікаў з нагоды сямейных разборак, ставіцца на ўлік як асоба, схільная да сямейнага гвалту, і на працягу года яго паводзіны знаходзяцца пад кантролем. Таксама ў дачыненні да парушальнікаў выносіцца ахоўнае прадпісанне, у адпаведнасці з якім яму забараняюцца стасункі і пражыванне з пацярпелым на тэрмін ад 7 да 15 дзён. У асобных выпадках пракурор раёна можа падоўжыць дадзены тэрмін да 30 дзён. Пры парушэнні патрабаванняў дакумента віноўнік зноў прыцягваецца да адказнасці па ч. 2 арт. 10.1 КоАП Рэспублікі Беларусь, санкцыя якой прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да дзесяці базавых велічыняў, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт. Дарэчы, выконваць прадпісанне і часова вызваліць жылплошчу вінаватаму прыйдзецца нават у тым выпадку, калі ён з’яўляецца ўласнікам кватэры або дома. Аднак часцей за ўсё ў дачыненні да скандалістаў прымяняецца адміністрацыйны арышт.
Калі з аднаго разу да дэбашыра не даходзіць, то яго накіроўваюць у лячэбна-працоўны прафілакторый.
А гэта ўжо іншая гісторыя.
Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga