Усё залежыць ад паводзінаў бацькоў

Грамадства Свежыя навіны

Прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18.

Па рашэнні членаў камісіі ў біялагічную сям’ю вернуты непаўналетні, раней прызнаны маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Падведзены вынікі сацыяльных расследаванняў у трох сем’ях. Па рашэнні членаў каардынацыйнага савета ў сацыяльна ненадзейным становішчы прызнаны 7 дзяцей з гэтых сям’яў.

На самым пільным кантролі

Такія выпадкі ў нашым раёне, на шчасце, адзінкавыя. З бацькамі, у якіх паўгода таму быў адабраны сын-падлетак, праведзена вельмі значная работа, у тым ліку з выязным пасяджэннем камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама ў сельскі савет па месцы жыхарства сям’і.

Паколькі адабранне “на рахунку” дарослых было ўжо трэцім, то пытанне, будуць яны пазбаўлены правоў на сына ці падлетак усё ж такі вернецца дахаты, стаяла “рабром”. У тым, што камісія прыняла станоўчае рашэнне і дала апошні шанц кроўным бацькам дагадаваць юнака да паўналецця (а яно ўжо не за гарамі), галоўная заслуга, менавіта, службаў прафілактыкі нашага раёна, калектыву сацыяльна-педагагічнага цэнтра і самога хлопца. Дарэчы, ён пасля адабрання прайшоў курс лячэння ад сур’ёзнага захворвання, перанёс аперацыю, перад якой родныя яго нават не наведалі. Усе клопаты па суправаджэнні ўзялі на сябе спецыялісты адказных службаў у той час, як дарослыя вялі асацыяльны лад жыцця, прагульвалі работу, злоўжывалі спіртным. Толькі нядаўна яны прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці, больш-менш задумаліся аб адказнасці за сына. Рабіць доўгатэрміновыя прагнозы, ці здолее сям’я жыць нармальна, складана, таму цяпер яна будзе знаходзіцца на ўзмоцненым кантролі, пастаянна наведвацца. Бацькоў папярэдзілі, што пры ўзнікненні старых праблем, сына адразу ж забяруць і ўжо з наступным пазбаўленнем правоў на яго праз суд.

Сварацца дарослыя – пакутуюць дзеці

У поле зроку службаў прафілактыкі сям’я, дзе гадуюцца трое дзяцей, трапіла пасля нараджэння малодшага сына – тады паміж дарослымі адбыўся канфлікт з выклікам міліцыі. Праўда, паколькі на момант канфлікту нецвярозым быў толькі бацька, каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама пасля сацыяльнага расследавання зрабіў выснову, што склалася цяжкая жыццёвая сітуацыя.

На гэты раз алкагольнае ап’яненне на момант выкліку праваахоўнікаў было ў абоіх бацькоў, што дае падставы меркаваць аб іх схільнасці да асацыяльных паводзінаў. Праўда, на пасяджэнне савета дарослыя прынеслі даведкі аб праходжанні імі кадзіроўкі, аднак спецыялісты службаў прафілактыкі аднагалосна згадзіліся, што ў сям’і адзначаюцца яўныя прыкметы недабрабыту – прыцягненне бацькі да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама схільнасць дарослых да алкаголю. Членамі каардынацыйнага савета райвыканкама трое непаўналетніх з гэтай сям’і прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, з сям’ёй, згодна з індывідуальным планам, будзе весціся прафілактычная работа па стабілізацыі сітуацыі.

Не тыя захапленні выбралі

На дваіх мужчын з нашага раёна ўзбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прыкурсораў і аналагаў. Усё б нічога, але абодва яны – людзі сямейныя, гэта значыць, іх незаконныя дзеянні наклалі свой адбітак на лёсы блізкіх – жонак і дзяцей (у кожнага іх па двое).

Безумоўна, канчатковую кропку ў гэтай справе паставіць суд, але па выніках сацыяльных расследаванняў, праведзеных у названых сем’ях, чацвёра дзяцей, якія гадуюцца там, каардынацыйным саветам па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы. З сем’ямі наладжана прафілактычная работа.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі