Што прапаноўвае навука беларусам?

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У Гродне з 16 па 19 сакавіка ў цэнтральным спартыўным комплексе “Нёман” свае экспазіцыі разгарнула выстава “Беларусь інтэлектуальная”.

Праект арганізаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. З выставай ужо азнаёміліся жыхары Міншчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Віцебшчыны, цяпер яе прымае Гродзеншчына, а завершыць праект сваю вандроўку па краіне на Брэстчыне.

У ліку жыхароў Прынёмання, якім выпала магчымасць ажыццявіць экскурс па важкіх дасягненнях беларускай навукі, 17 сакавіка былі і дзятлаўчане. У гэты дзень 80 жыхароў нашага раёна накіраваліся ў абласны цэнтр, каб зазірнуць у недалёкую будучыню, даведацца пра галоўныя тэндэнцыі развіцця айчыннай навукі і тэхналогій, акунуцца ў цікавую атмасферу навуковага жыцця краіны, а самыя юныя, магчыма, і прымерыць на сябе мяркуемую прафесію.

Як аказалася, фармат выставы дазваляе наведвальнікам атрымаць як кароткую, так і разгорнутую інфармацыю, дастаткова задаць свае пытанні – на іх адразу ж дадуць кампетэнтныя адказы, падмацуюць іх флаерамі, візітоўкамі, іншым раздатачным матэрыялам.

Экспазіцыі арганізаваны па кластарах, якія адлюстроўваюць розныя трэнды ў навуцы. Сярод іх – штучны інтэлект, IT-тэхналогіі, робататэхніка; інавацыйнае прыборабудаванне; электратранспарт і яго базавыя кампаненты; абароназдольнасць і ваенная навука; экалогія, прыродакарыстанне; біятэхналогіі; фармацыя, ахова здароўя, медыцына; аграпрамысловы комплекс, прадукты харчавання; прастора моладзевых ініцыятыў. На выставе свае дасягненні і распрацоўкі дэманструюць навукоўцы НАН Беларусі, прадстаўнікі ўстановаў адукацыі, навукова-даследчых дзяржаўных і прыватных арганізацый краіны, тэхнапаркаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі.

Варта адзначыць, што ў кожным рэгіёне, акрамя распрацовак, якія ўжо прадстаўлялі ў іншых кутках краіны, дадаюць і свае ўнікальныя. Кожная з абласцей Беларусі мае прадпрыемствы, навуковыя і адукацыйныя ўстановы, якія праз выставу “Беларусь інтэлектуальная” дэманструюць уласныя дасягненні. Рэгіянальнае напаўненне было і ў “Беларусі інтэлектуальнай” у Гродне.

Дзятлаўчане з цікавасцю азнаёміліся з навінкамі навукі, пафатаграфаваліся каля электрамабіляў і беспілотнікаў, пасядзелі за трэнажорамі і нават набылі для сябе навінкі прадукцыі ад беларускіх вытворцаў. Вядома ж, назапасілі і ўражанняў.

Вольга Бойка, дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі:

– На такой маштабнай выставе я ўпершыню. Як упэўнілася, тут прадстаўлены розныя галіны. Мяне найбольш зацікавілі дасягненні медыцыны, асабліва мікра-пратэзы для аднаўлення слыху, ды і наогул аказалася, што ў нас вельмі развітая медыцына. Не ведала, што беларуская навука зрабіла такі вялікі крок наперад, што ў нас ёсць практычна ўсё сваё. Неперадаваемыя эмоцыі адчула, калі кіравала трэнажорам для лётчыкаў – гэта здорава. Як работніка бібліятэчнай галіны, мяне зацікавілі такцільныя развіваючыя дапаможнікі для невідушчых дзяцей са шрыфтам брайля і аб’ёмнымі выявамі з розных матэрыялаў. Уразіла літаральна ўсё.

Іван Сіняк, трактарыст Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм:

– На падобнай выставе сёння быў упершыню, тут шмат цікавага. Найбольш маю ўвагу прыцягнула, вядома ж, тэхніка, рухавікі, аўтамабілі. Цікава было паглядзець на новыя трактары, хаця спадабаліся і электрамабілі. Праўда, катэгорыя на ваджэнне аўто ў мяне пакуль не адкрыта, але мару гэта зрабіць у перспектыве. Мяркую, калі буду набываць сабе машыну, перавагу ўсё ж такі аддам механічнай. Не менш цікава было разглядаць беспілотнікі, убачыць трэнажоры для лётчыкаў. На жаль, сам пасядзець “за штурвалам” не паспеў. Наогул, было цікава, пазнавальна, раскажу пра паездку сябрам.

Іна Петрукевіч, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:

– Усё актуальнае, як ні дзіўна, мяне больш зацікавіла ваенная галіна. Як упэўнілася, Беларусь знаходзіцца на даволі высокім узроўні па такіх распрацоўках. Мала валодаю тэмай, але тое, што расказвалі, уразіла. Не чакала, што ў нас ёсць такія дасягненні. Не ведаю, як яны працуюць на практыцы, але паглядзець цікава. Адчуваецца гонар за сваю краіну.

Вельмі спадабаліся беларускія штучныя камяні, а таксама прыгожыя карціны з натуральнага каменю.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga