Майстэрства вучыць або Любоў з першага ўрока

Важнае Грамадства

Вызначаны пераможцы і прызёры абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2023”.

Яго фінал прайшоў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Каб вызначыць лепшых, журы давялося ацаніць відэа- і мультымедыйныя самапрэзентацыі канкурсантаў, метадычныя распрацоўкі, апісанні сістэм педагагічнай дзейнасці, наведаць адкрытыя ўрокі і майстар-класы, правесці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне.

Сярод абласных прызёраў – двое дзятлаўчан. Уладальнікамі дыпломаў ІІ ступені ў сваіх намінацыях сталі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Вензавецкай сярэдняй школы Сяргей Карнэлік і настаўніца матэматыкі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Жанна Цяцерына, таксама яны адзначаны Ганаровымі граматамі упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

З заслужанымі ўзнагародамі Сяргея Міхайлавіча і Жанну Канстанцінаўну павіншавалі і ўручылі ім падарункі ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын” начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, метадысты раённага метадычнага кабінета Наталля Пазняк і Людміла Канавалік.

– Радуе, што сярод педагогаў Дзятлаўшчыны ёсць таленавітыя і адораныя людзі, якія дастойна прадставілі наш раён. Вам пакарыліся адкрытыя ўрокі і майстар-класы перад дзясяткамі людзей, у вялікай аўдыторыі. Толькі дзякуючы любові да дзяцей і свайго прадмета вы змаглі дабіцца высокіх вынікаў. Аднак я ўдзячна не толькі настаўнікам-прызёрам, але і іх камандам, якія дапамагалі ўпэўнена ісці да перамогі. Толькі разам можна дабіцца поспехаў. Будзьце аднадумцамі, заставайцеся шчаслівымі ў вялікай педагагічнай сям’і, новых вам дасягненняў і маральнага задавальнення ад самай высакароднай справы – работы з дзецьмі, – пажадала Марына Лашкоўская.

– За час конкурсу наш Сяргей Міхайлавіч, як алмаз, які агранілі, ярка заблішчаў, – прывяла параўнанне дырэктар Вензавецкай сярэдняй школы Ганна Франюк. – Кожны з вучняў – гэта таксама алмаз, аграніць і зрабіць яркім які закліканы настаўнік, таму абавязкова стаўце перад сабой мэты быць лепшымі, быць падобнымі на сваіх настаўнікаў. За дапамогу ў падрыхтоўцы Сяргея Карнэліка да іспытаў Ганна Іванаўна падзякавала яго калегам – Наталлі Тамашовай і Аксане Роўба.

– Для нас Жанна Канстанцінаўна ўжо пераможца, – зазначыў дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык. – Нам ёсць на каго раўняцца і цяпер усяму педкалектыву галоўнае не збаўляць тэмп і рухацца да новых вяршыняў.

Педагогі-прызёры таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства.

Сяргей Карнэлік:

– Засталіся самыя станоўчыя эмоцыі. Конкурс дазволіў праявіць сябе, прадэманстраваць педагагічны вопыт, пазнаёміцца з паспяховымі калегамі, гледзячы на якіх самому хочацца расці, удасканальвацца, будаваць планы. Цікавасць да ўрокаў фізкультуры сваім вучням стараюся прывіваць праз камфортную абстаноўку, складальнікам якой стала музычнае суправаджэнне, сам імкнуся быць для дзяцей станоўчым прыкладам. Калі дзеці раўняюцца на настаўніка, яны таксама імкнуцца да поспехаў. Мае вучні неаднаразова займалі прызавыя месцы на абласных, уваходзілі ў састаў зборнай каманды Гродзеншчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ганаруся Аленай Хітрык, якая стала студэнткай факультэта фізічнай культуры і здароўя ГрГУ імя Янкі Купалы, скончылі яго Аляксандр Траскевіч, Максім Татарчык, многія паступілі ў навучальныя ўстановы МНС, дзе неабходна фізічная загартоўка. З нядаўніх дасягненняў – трэцяе месца вучня нашай установы на спаборніцтвах “Залатыя таленты Гродзеншчыны”, а ў час вясновых канікул ён едзе на трэніровачны збор у рэспубліканскі лагер “Зубраня” і будзе далей развівацца ў спорце. Наогул, я імкнуся выхоўваць у дзяцей станоўчыя якасці характару, асабліва цярпенне і вытрымку, якія патрэбны не толькі на ўроках фізкультуры, але і ў жыцці, бо дапамагаюць пераадольваць цяжкасці, дасягаць вынікаў у прафесіі. Акцэнт раблю і на выхаваўчы патэнцыял урока: расказваю аб вядомых беларускіх спартсменах, каб школьнікі ганарыліся імі і сваёй Радзімай, выпрацоўваю ў іх здаровыя паводзіны, бо толькі здаровы чалавек можа многага дабіцца.

Жанна Цяцерына:

– Уражанні пазітыўныя. Было хвалююча і складана, але мы дастойна прайшлі гэты шлях. Перада мной раскрыліся новы вопыт і магчымасці. Лічу, што на ўроку галоўнае настроіць дзяцей і стварыць спрыяльную атмасферу, таму ў незнаёмым класе спачатку правяла кароценькі трэнінг – эмацыянальную настройку. Ведаю, што ўсяму навучыць немагчыма, але важна паказаць дзецям дарогу да ведаў, пастаянна размаўляць з імі не толькі аб прадмеце, але і аб маральных ідэалах, дабрыні, прыгажосці, міры, і тым самым выхоўваць. Не кожнае дзіця стане матэматыкам, аднак, магчыма, менавіта сваім словам настаўнік уплывае на дзіця, каб яно вырасла годным чалавекам. Безумоўна, ёсць і поспехі. Сёлета мая навучэнка стала прызёрам ІІІ ступені абласнога этапу алімпіяды па матэматыцы, ёсць сямікласнік, з якім займаемся даследчай дзейнасцю, рашчу пяціклашак, а летась выпускніца Марыя Семчанка паступіла на матэматычны факультэт ГрГУ імя Янкі Купалы, такі ж факультэт толькі БДПУ імя Максіма Танка сёлета скончыць Анастасія Шалесная. Спадзяюся, гэта будзе маё прадаўжэнне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga