Якая па ліку наша Канстытуцыя, для каго ў ёй запісаны правы і абавязкі, ці тоесныя паняцці “грамадзянін” і “патрыёт” – гэтыя і многія іншыя пытанні старшакласнікі гімназіі № 1 горада Дзятлава абмеркавалі ў час інфармацыйнай гадзіны, прысвечанай надыходзячаму Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Дапамаглі ім разабрацца ў тэме госці – пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч, дырэктар гімназіі Наталля Клімец.
– Рэспубліка Беларусь упэўнена ідзе ўласным шляхам развіцця. І сёння ў нас ёсць галоўнае – мірная, стабільная, прыгожая і незалежная краіна. Ёсць гісторыя, якой мы ганарымся, багатая культурная, духоўная спадчына, традыцыі. Адна з задач юных грамадзян нашай краіны – берагчы і абараняць багацці Радзімы, імкнуцца да іх памнажэння, ведаць і вывучаць гісторыю Беларусі, – адзначыла вядучая, педагог Вольга Андалюкевіч.
Школьнікі зрабілі экскурс у гісторыю Асноўнага закона краіны, у чым ім дапамагла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства ўстановы Алена Радомская.
Гімназісты актыўна ўключыліся ў абмеркаванне структуры і асноўных пастулатаў Канстытуцыі, паразважалі аб правах і абавязках грамадзяніна Беларусі, падзяліліся ўласным вопытам удзелу ва Усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі”.
Госці прынялі ўдзел у дыялогу, адказалі на пытанні юных эрудытаў.
– Дзяржава для народа не лозунг, а адзіны магчымы шлях рэалізацыі каштоўнасцяў, закладзеных у аснову Канстытуцыі. І мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб наша дзейнасць адпавядала патрабаванням дзяржавы і чаканням грамадзян, – заўважыў Віталій Юрго. – Эксперты-правазнаўцы нездарма называюць Асноўны закон нашай краіны прагрэсіўным дакументам. За яго старонкамі стаіць чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Канстытуцыя сабрала ў сабе багаты вопыт і мудрасць папярэдніх пакаленняў, замацавала прававыя, палітычныя і ідэалагічныя асаблівасці дзяржавы і грамадства, выразна вызначыла прыярытэты нацыянальнага развіцця.
Адказваючы на пытанні, Віталій Станіслававіч растлумачыў аўдыторыі, чаму абавязкі грамадзяніна не менш важныя за правы, хто можа ініцыяваць змяненні ў Канстытуцыю і якія фактары могуць паўплываць на гэта.
– Наталля Паўлаўна, як вы лічыце, хто можа звацца грамадзянінам? – гэта пытанне гімназісты адрасавалі дырэктару ўстановы.
– На маю думку, грамадзянін, па-першае, абавязаны ведаць, паважаць і строга выконваць законы сваёй дзяржавы, па-другое, працай рабіць уклад у росквіт сваёй краіны. Ваша галоўная праца, паважаныя дзеці, – атрыманне адукацыі і паспяховае паступленне. І, нарэшце, грамадзянін – гэта той чалавек, які прымае актыўны ўдзел у жыцці сваёй краіны і ў крытычныя моманты здольны стаць на абарону яе межаў і палітычных інтарэсаў. Усе гэтыя паняцці яднае адно галоўнае – шчырая любоў да сваёй Айчыны.
Навучэнцы выступілі з ідэяй у Год міру і стварэння прыняць актыўны ўдзел у закладванні аднайменнай алеі, а таксама наведаць Музей Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай ахвярам генацыду беларускага народа ў гады вайны.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga