Цэнтральнае аддзяленне “Беларусбанка” ў Дзятлаве штодзень наведваюць сотні кліентаў, тым больш што тут размешчана і бюро агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, таксама папулярнае ў дзятлаўчан.
У двухпавярховым будынку ЦБУ № 407/4109 ёсць усё для камфорту кліентаў: ветлівыя супрацоўнікі, электронная чарга, лавачкі для чакання, зручнае табло з курсамі валют, плацежны тэрмінал, дзе можна разлічыцца як па картцы, так і “наяўнымі”, і нават банкамат на ганку. Вось толькі дайсці да яго ці да аддзялення, не скруціўшы ногі, – сапраўдны квэст.
Лесвіца да цэнтральных дзвярэй аддзялення ўжо працяглы час знаходзіцца ў аварыйным стане: тут высыпаліся многія пліты, якія беражліва складзены пад дах будынка (там яны і цяпер), некаторыя дэталі канструкцыі пагражаюць вываліцца проста з-пад ног. Шлях да банка не вельмі бяспечны нават у сухое надвор’е, а ўжо калі МНС папярэджвае аб аранжавым узроўні небяспекі ды завіруха гуляе па горадзе, тым больш. Снег пакуль не збіраецца спыняцца, маскіруючы дэфекты лесвіцы, што можа прывесці да няшчасных выпадкаў.
Каб не быць галаслоўнай, раскажу рэальны выпадак, які адбыўся з маёй знаёмай перад новым 2023 годам. У выхадны дзень яна ўзышла на ганак банка “сваім ходам”, каб зняць грошы ў банкамаце, а вярнулася адтуль экстрэмальна: аступілася яшчэ наверсе на нетрывалай прыступцы і па слізкай, не пасыпанай нічым лесвіцы з’ехала на “мяккім месцы” палову пралёту. Па інфармацыі з першакрыніцы, сіняк на тым самым месцы быў унушальных памераў. З такім можна і ў медыкаў асведчанне прайсці, і за шкоду здароўю адміністрацыі прад’явіць. Але ж мы людзі добрыя…
Дзятлаўчане не дадуць схлусіць, што праблеме цэнтральнага ўваходу ў аддзяленне банка ўжо месяцы тры, калі не больш.
Як на яе адрэагавалі ўласнікі памяшкання? Адгарадзілі найбольш аварыйны (але не адзіны!) участак паласатай стужкай. Усё! Праблема абазначана? Відавочна! Але колькі яшчэ людзей павінна там упасці, пакуль сітуацыя будзе вырашана?..
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga