На календары пачатак сакавіка, гэта значыць, сваё прафесійнае свята адзначае беларуская міліцыя.
Як праходзяць будні дзятлаўскіх ахоўнікаў правапарадку, расказаў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль.
– Аляксандр Францавіч, якім для раённай міліцыі быў 2022 год?
– Адной з галоўных задач для нашага аддзела ў гэтым годзе было камплектаванне, у тым ліку службы ўчастковых інспектараў міліцыі. Цяпер маладыя супрацоўнікі ўдасканальваюць свае прафесійныя якасці.
Паспяхова спраўляемся і са службовымі задачамі, летась, як і на працягу мінулых гадоў, у раёне не дапушчана забойстваў, росту цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Гэта вынік стабільнай работы не толькі міліцыі, але і іншых адказных службаў Дзятлаўшчыны, якія працуюць у гэтым кірунку. Адзначу, што ў нас, як і ў рэспубліцы ў цэлым, праблемай застаюцца махлярствы. Як правіла, яны скіраваны супраць пажылых людзей, таму супрацоўнікі стараюцца дайсці да кожнага адзінокага пенсіянера і таго, хто жыве адзінока, каб расказаць, якім чынам прафесійныя махляры могуць адняць іх грошы. Не пакідаем па-за ўвагай актуальную праблему крадзяжоў з нежылых дамоў. На жаль, падобнага жылля ў сельскай мясцовасці ўсё больш, і нячыстыя на руку асобы крадуць адтуль усё, што можна, пераважна займаюцца вандалізмам, бо не так нажываюцца, як ламаюць замкі, дзверы, мэблю, што прыносіць душэўны боль спадчыннікам і самім пажылым людзям, якія на зімовы перыяд пераязджаюць да сваякоў ці па стане здароўя знаходзяцца на ложках сястрынскага догляду. Увогуле, вынікі па ўсіх кірунках дзейнасці дзятлаўскай міліцыі за 2022 год знаходзяцца на ўзроўні абласных, а некаторыя вышэйшыя за абласныя, што сведчыць аб стабільнасці работы калектыву і прафесіяналізме супрацоўнікаў.
– Усё часцей даводзіцца чуць аб злачынствах у сферы інфармацыйных тэхналогій. А як справы на Дзятлаўшчыне?
– Для раёна яны таксама характэрныя. Прафесійныя махляры тэлефануюць жыхарам ад імя “банкаўскіх работнікаў”, “праваахоўнікаў”, “спецыялістаў сацыяльнай сферы”, паведамляюць, што з іх банкаўскіх рахункаў знімаюцца грошы, такім чынам прымушаюць сваіх ахвяр прадаставіць даныя пашпартоў і банкаўскія рэквізіты, адкрыць рахункі, затым крадуць іх грашовыя сродкі. Тое ж адбываецца і пры ўстаноўцы праграм аддаленага доступу на мабільныя тэлефоны падманутых, што дазваляе зламыснікам у далейшым таксама завалодаць грашыма.
– Ці выкарыстоўваюцца сучасныя тэхнічныя сродкі міліцыяй пры раскрыцці правапарушэнняў?
– Безумоўна. У Міністэрстве ўнутраных спраў у сувязі са значнай колькасцю злачынстваў у сферы інфармацыйных тэхналогій створана ўпраўленне па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці, такое ж ёсць і ў нашай вобласці. У буйных раённых аддзелах міліцыі працуюць супрацоўнікі, якія займаюцца толькі такімі відамі правапарушэнняў, нашы работнікі таксама праходзяць спецыяльную падрыхтоўку для барацьбы з гэтымі злачынствамі, выкарыстоўваюцца пэўныя тэхнічныя сродкі, спецыфічныя для работы менавіта аддзела ўнутраных спраў.
Яшчэ ў Рэспубліцы Беларусь ствараецца адзіная сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі, якая актыўна ўкараняецца ў тым ліку на Дзятлаўшчыне. Яе развіццё разбіта на некальгі чэргаў, дзве ўжо ўключаны ў рэспубліканскую сетку, цяпер працуем над 3-4, якія таксама ўвойдуць у адзіны рэспубліканскі комплекс. Акрамя таго, сумесна з Белтэлекамам абсталёўваем сістэмамі відэаназірання двары шматпавярховых жылых дамоў. Яны карыстаюцца попытам у жыхароў, бо аказваюць рэальнае садзейнічанне ў забеспячэнні правапарадку на гэтых тэрыторыях, садзейнічаюць павышэнню бяспекі нашых дзяцей, захаванасці аўтатранспарту, веласіпедаў, дзіцячых калясак. Актыўна працуем з юрыдычнымі асобамі па ўкараненні сістэмаў відэаназірання на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, каб павысіць іх бяспеку і ахову таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Парушальнікам, перш, чым рабіць дрэнны ўчынак, варта задумацца, ці не здымае іх камера.
Акрамя таго, актыўна ў Рэспубліцы Беларусь развіваецца сістэма фотавідэафіксацыі дарожнай бяспекі, якая выяўляе ўсё больш відаў правапарушэнняў, забяспечвае кантроль за патокамі руху і бяспеку на аварыйна небяспечных участках дарог.
– Ці адчуваеце падтрымку насельніцтва?
– Як кажуць, адзін у полі не воін. Людзі штодзённа апіраюцца на дапамогу міліцыі, нездарма цяпер прапрацоўваецца ідэя больш цеснага ўзаемадзеяння з праваахоўнікамі, гэта ў тым ліку адпрацоўка жылога сектара ўчастковымі інспектарамі міліцыі, што выклікана неабходнасцю разумення і ведання праблем жыхароў. Заадно такім чынам устанаўліваецца зваротная сувязь: жыхары дзеляцца праблемамі не толькі сям’і, але і сваёй вуліцы, населенага пункта, месца работы, называюць праблемы, на якія найперш неабходна скіраваць увагу. Інфармацыя паступае актыўна не толькі да нас, але і ў сельскія выканкамы, якія акумулююць работу саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, і мы арганізоўваем сумесную работу. Даволі актыўна і з абурэннем людзі інфармуюць міліцыю пра факты ўпраўлення транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, бо п’яны за рулём – патэнцыяльны забойца. Любое раскрыццё правапарушэнняў без удзелу грамадзян немагчымае. Зразумела, што выкарыстоўваюцца тэхнічныя і спецыяльныя сродкі, аднак без інфармацыі жыхароў мы абысціся не можам.
– За любымі поспехамі стаяць людзі, раскажыце пра калектыў аддзела.
– Ён актыўна абнаўляўся, і на сёння я вельмі рады маладым супрацоўнікам, бо бачу іх імкненне стаць прафесіяналамі, іх рэальны патэнцыял, і ўпэўнены, што расце дастойная нам змена. Асноўны касцяк кваліфікаваных супрацоўнікаў таксама застаўся ў страі практычна ў поўным саставе, што дазволіць якасна выконваць задачы і супрацьстаяць любым выклікам.
Адзначу і актыўную ролю ветэранскай арганізацыі аддзела, адрасую вялікае дзякуй нашым ветэранам за нераўнадушны ўдзел у працоўных буднях, жадаю моцнага здароўя і дабрабыту ім, іх сем’ям, а таксама ўсяму асабоваму саставу і кожнаму нашаму супрацоўніку. Поспехаў і годнай службы ўсім.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga