З павагай і пашанай да загінулых

Галоўнае Грамадства Падзеі

3 лютага ва ўстановах адукацыі горада Дзятлава прайшлі дыялогавыя пляцоўкі па тэме “Генацыд беларускага народа”.

У музеі “Вытокі” сярэдняй школы № 3 з навучэнцамі сустрэліся пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская.

– З калектыўнай памяці беларускага народа ніколі не будзе сцёрта трагічная гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыла педагог Алена Саўчыц. – Мы жывём у складаны час, калі ў многіх краінах спрабуюць перапісваць і скажаць гістарычныя факты. Наш музей не змог застацца ў баку ад гэтай праблемы: мы прымаем актыўныя меры, каб не дапусціць няправільнай трактоўкі ваенных падзей на тэрыторыі Беларусі. У Год гістарычнай памяці стварылі экспазіцыю “Генацыд беларускага народа на Дзятлаўшчыне”, матэрыялы для якой былі прадастаўлены Генеральнай пракуратурай краіны, шмат іх сабрана раней і знаходзілася ў фондах музея. За мінулы год саветам музея і навучэнцамі школы сумесна з краязнаўцам Міхаілам Лук’янчыкам праведзена вялікая работа па зборы інфармацыі аб партызанскім шпіталі. За кошт супрацоўніцтва з Нацыянальным архівам устаноўлена 28 імёнаў. Вынікам даследчай работы стала стварэнне інтэрактыўнай экскурсіі “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы” і ўключэнне яе ў турыстычны маршрут № 469. Была створана і 3D-экскурсія па партызанскім шпіталі.

Гэты інтэрнэт-праект удзельнікам дыялогавай пляцоўкі прадставіў яго аўтар, прапраўнук ліпічанскага Сусаніна Іосіфа Філідовіча навучэнец школы Данііл Івашэвіч.

З вынікамі расследавання ў рамках крымінальнай справы па фактах генацыду, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 года прысутных азнаёміў Віталій Юрго, падрабязней спыніўся на фактах, якія тычацца нашага раёна.

Ва ўстановах адукацыі раёна ў год Гістарычнай памяці былі створаны 12 міні-экспазіцый “Генацыд на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна”, яшчэ адна “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць” працавала ў гісторыка-краязнаўчым музеі райцэнтра. Генпракуратурай Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб перадачы кожнай з установаў раёна, дзе ёсць экспазіцыі, дзвюх кніг – сумеснага выдання пракуратуры вобласці і газеты “Гродзенская праўды” “Сёстры Хатыні”, а таксама кнігі “Генацыд беларускага народа” пад рэдакцыяй Генпракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа.

Віталій Юрго ўручыў асобнікі кніг дырэктару школы Івану Кібіню, а таксама Марыне Лашкоўскай – для перадачы ва ўстановы, дзе створаны выставы.

– Тэма сапраўды важная, бо без гісторыі няма будучыні, дык няхай гэтыя кнігі стануць для вас настольнымі дапаможнікамі, тым больш, што ў іх ёсць матэрыялы пра Дзятлаўшчыну, – пажадала вучням Марына Лашкоўская.

Навучэнцы задалі пракурору хвалюючыя пытанні і атрымалі падрабязныя тлумачэнні. Ідэю па захаванні памяці – стварыць шахматы з фігуркамі ворагаў і чырвонаармейцаў агучыла навучэнка школы Анастасія Шавель.

У гэты ж дзень на дыялогавых пляцоўках з навучэнцамі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава сустрэўся намеснік пракурора Сяргей Аляшкевіч, гімназіі № 1 – памочнік пракурора Ірына Забеліна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: