Як паводзіць сябе на аб’ектах чыгуначнага транспарту?

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Няшчасныя выпадкі на чыгунцы адбываюцца пераважна з-за невыканання грамадзянамі правілаў знаходжання ў зонах павышанай небяспекі – на чыгуначных пуцях і пры іх пераходзе ў непрадугледжаных месцах.

Парушаючы правілы, людзі аказваюцца ў габарытах рухомага саставу ці перад едучым цягніком. Любы пераход чыгуначных пуцей у месцах, дзе адсутнічаюць пешаходныя насцілы, забаронены і нясе пагрозу жыццю і здароўю.

Варта ведаць, што пры знаходжанні на аб’ектах чыгуначнага транспарту забараняецца:

– хадзіць па чыгуначных пуцях;

– пераходзіць праз іх у месцах без насцілаў;

– пераходзіць чыгуначныя пераезды пры закрытым шлагбауме ці на чырвоны сігнал святлафора пераезнай сігналізацыі;

– на станцыях і перагонах падлазіць пад вагоны, пралазіць праз аўтасчэпкі;

– ісці ўздоўж чыгуначнага пуці бліжэй за 5 метраў ад крайняй рэйкі;

– праходзіць па чыгуначных мастах і тунэлях, не абсталяваных дарожкамі для праходу пешаходаў;

– пераходзіць праз пуць адразу ж пасля ад’езду цягніка, не пераканаўшыся ў адсутнасці сустрэчнага;

– выкарыстоўваць навушнікі і мабільны тэлефон пры пераходзе праз чыгуначныя пуці.

Любое старонняе незаконнае ўмяшанне ў работу чыгуначнага транспарту караецца крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасцю. Накладанне на рэйкі старонніх прадметаў, кіданне камянямі па вагонах і іншыя супрацьпраўныя ўчынкі могуць стаць прычынай гібелі людзей.

Алена КУХАРЧЫК,
вядучы спецыяліст АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga