Пад такім дэвізам у гімназіі № 1 прайшло ўрачыстае ўшанаванне педагогаў Дзятлаўшчыны па выніках раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2023”.
Конкурс стартаваў у другой дэкадзе студзеня. Ён скіраваны на развіццё творчага патэнцыялу педагагічных работнікаў, павышэнне іх прафесійнага майстэрства і трансляцыю эфектыўнага вопыту работы. Канкурсанты ўжо далі адкрытыя ўрокі і заняткі, прадставілі сваю сістэму педагагічнай дзейнасці, правялі майстар-класы.
– Мы сабраліся, каб ушанаваць педагогаў, якія прымалі ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства і выказаць пажаданні тым, хто будзе прадстаўляць Дзятлаўшчыну на яго абласным і рэспубліканскім этапах, – зазначыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. – Конкурс “Настаўнік года” – гэта свята і магчымасць упэўнена заявіць пра сябе. Сёння вы ўсе без выключэння з’яўляецеся пераможцамі, шчыра жадаю поспехаў. Сярод настаўнікаў нашага раёна нямала творчых, крэатыўных, здольных, таленавітых людзей, якія кожны дзень паказваюць нешта новае, унікальнае, прадукцыйнае. Любы конкурс – гэта прафесійны рост, вы справіліся з ім на выдатна, зарэкамендавалі сябе, як людзі, якія не толькі ўмеюць вучыць і выхоўваць дзяцей, але і знаходзяць новыя падыходы і формы ў рабоце. Раённы этап стаў вялікім майстар-класам, што аб’яднаў і зарадзіў энергіяй педагогаў, даў старт новым ідэям і здзяйсненням. Дзякую пераможцам і ўдзельнікам. Далейшых вам поспехаў!
Заявіць аб сабе са сцэны ў публічным выступленні “Я – педагог, і гэта гучыць ганарова!” змаглі лепшыя канкурсанты раёна: выхавальнікі дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава Вікторыя Нікіпорчык і дзіцячага сада № 1 Вікторыя Орсік, настаўнікі пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Жанна Будзевіч, Круцілавіцкай сярэдняй школы Вольга Гайжэўская і Вольга Кардаш, Гезгалаўскай сярэдняй школы Інга Кашко, настаўнік фізкультуры і здароўя Вензавецкай сярэдняй школы Сяргей Карнэлік, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Святлана Урбан, настаўніца матэматыкі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Жанна Цяцерына. Кожны з іх сваёй творчай прамовай яшчэ раз пацвердзіў, што з’яўляецца яркай зоркай з вялікага сузор’я лепшых педагогаў Дзятлаўшчыны і запальвае нязгасны свет у сэрцах юных землякоў, вядзе іх да творчых і вучэбных поспехаў.
Прыемным момантам стала ўручэнне ўзнагародаў. Па выніках раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2023” дыпломамі ІІІ ступені адзначаны Вікторыя Орсік, Жанна Будзевіч, Вольга Кардаш, дыпломы ІІ ступені атрымалі Вікторыя Нікіпорчык, Вольга Гайжэўская, Крысціна Сушчэвіч, дыпломы І ступені заваявалі Інга Кашко, Святлана Урбан, Жанна Цяцерына, Сяргей Карнэлік.
Прызёраў і пераможцаў павіншаваў і ўручыў ім падарункі ад аб’яднання старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі.
Добры настрой прысутным сваімі музычнымі выступленнямі дарылі гімназісты.
Лаўрэат ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2020” у намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, дырэктар гімназіі № 1 горада Дзятлава Наталля Клімец звярнулася да тых, хто сёлета таксама будзе прадстаўляць Дзятлаўшчыну на далейшых конкурсных этапах:
– Паверце, вам будуць спадарожнічаць і ўдача, і крэатыў, і драйв. Успамінаць гэты конкурс вы будзеце вельмі доўга. Жадаю выдатных ідэй, а галоўнае, добрага тылу, а ў вас, паважаныя калегі, за спінамі – вашы дзеці, тысячы вачэй, вашы калектывы і ўвесь Дзятлаўскі раён. Поспехаў, і няхай крыштальныя журавы прылятаюць на Дзятлаўшчыну.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga