Пасяджэнне метадычнага аб’яднання прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў па тэме: “Вера ў сябе як падмурак жыцця дзяцей, якія выхоўваюцца ў замяшчальнай сям’і” прайшло ў сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава.
Яго ўдзельнікі адзначылі, што самая цяжкая падзея, якая можа адбыцца ў жыцці дзіцяці – страта бацькоў. Калі яны паміраюць ці іх пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, непаўналетнія аказваюцца пад апекай дзяржавы. У іх лёсах прымаюць удзел дарослыя, задача якіх, наколькі магчыма, змякчыць і папоўніць страту.
Дзеці, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, перажываюць двайную жыццёвую траўму: з аднаго боку – дрэннае абыходжанне ў роднай сям’і і негатыўны жыццёвы вопыт, з другога – сам факт разрыву з сям’ёй. Страта сям’і, нават калі яна была ненадзейнай, – сур’ёзная траўма, якая прыносіць боль, крыўду на бацькоў і на жыццё наогул, пачуццё адхіленасці, гнеў. Менавіта з такімі дэструктыўнымі эмацыянальнымі станамі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, найчасцей прыходзяць у замяшчальныя сем’і.
Пра асаблівасці работы з непаўналетнімі, якія перажылі страту, гора, маюць павышаную трывожнасць, пра фарміраванне адказных адносінаў да жыцця і здароўя ў дзяцей і падлеткаў, якія выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, ішла размова на пасяджэнні метадычнага аб’яднання.
На актуальнасці тэмы, існуючых праблемах і цяжкасцях акцэнтавала ўвагу кіраўнік аб’яднання Марына Сербін. Вопытам работы па фарміраванні ў дзяцей здаровых і адказных паводзінаў падзялілася выхавальнік дзіцячага сацыяльнага прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярына Губко, якая ў час выступлення азнаёміла прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў з метадам “кніжнай тэрапіі”, анансавала кніжныя навінкі дзіцячай і падлеткавай літаратуры.
Гасцямі сустрэчы таксама былі псіхолаг цэнтральнай раённай бальніцы Міхаіл Голас, спецыялісты Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Святлана Ранцэвіч і Наталля Лупач, якія патлумачылі, як спраўляцца з дэструктыўным эмацыянальным станам і трывожнасцю ў дзяцей, а таксама расказалі, якія асаблівасці развіцця і выхавання маюць дзеці з інваліднасцю і парушэннямі псіхафізічнага развіцця.
Педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алена Франюк правяла з замяшчальнымі бацькамі практыкаванні для прафілактыкі эмацыянальнага выгарання.
Напрыканцы мерапрыемства спецыялісты цэнтра ўручылі ўдзельнікам пасяджэння прэс-рэлізы “Нацыянальны цэнтр усынаўлення інфармуе…”: “Дзіцячая аўтаагрэсія. Прычыны, віды, карэкцыя” са спасылкамі і QR-кодамі для хуткага і зручнага пераходу на афіцыйны сайт установы з мабільнага тэлефона, пазнаёмілі з інфаграфікай “наглядна аб важным” і сайтамі talk2ok.by, kids.pomogyt.by, pomogyt.by.
Вольга ЛАМАКА,
загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці СПЦ горада Дзятлава
Фота Марыны СЕРБІН
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga