Смерць на пажары

Важнае Здарэнні і бяспека

Практычна ў 100 % выпадкаў гібелі людзей на пажарах прычынай з’яўляецца чалавечы фактар.

Сёлетняя абласная статыстыка толькі пацвярджае гэты факт: за студзень 2023 года на Гродзеншчыне ў агні загінулі 12 чалавек, 10 з іх – з-за “п’янай” цыгарэты.

Неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні разглядаецца як найбольш верагодная прычына здарэння, якое адбылося ноччу 6 лютага на Дзятлаўшчыне. У сваім доме згарэў ураджэнец вёскі Погіры Жукоўшчынскага сельсавета, які пасля выхаду на льготную пенсію вярнуўся на малую радзіму. У бацькоўскай вясковай хаце ён жыў адзін. Назіральная камісія, якая наведвала мужчыну 29 снежня мінулага года, ніякіх парушэнняў з боку пажарнай бяспекі ў яго доме не выявіла. А крыху больш чым праз месяц ратаўнікі атрымалі сігнал.

Упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці было ўстаноўлена, што мужчына, які жыў у згарэлым доме, нідзе не працаваў, злоўжываў алкаголем, шмат курыў, у тым ліку ў доме. Акрамя таго, гаспадар практычна не карыстаўся пячным ацяпленнем, абаграваў памяшканне газавай плітой.

Калі першае аддзяленне прыбыло ў Погіры на месца здарэння, дом гарэў адкрытым полымем. Пры ліквідацыі пажару супрацоўнікі звяна газадымаахоўнай службы ў памяшканні спальні на ложку знайшлі абгарэлы труп самаго гаспадара.

У выніку ўзгарання знішчаны дах, перакрыцце, пашкоджаны сцены. Спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік ці не, высветліць немагчыма: уся маёмасць у доме была моцна пашкоджана агнём.

Аднак на рахунку такога маленькага, але вельмі важнага прыбора, як АПА, нават сёлета ўжо ёсць выратаваныя жыцці дзятлаўчан.

Два тыдні таму жыхар аграгарадка Гезгалы, які ў сваім доме выпіў і лёг адпачыць з цыгарэтай, прачнуўся ад гуку аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Для мужчыны ўсё абышлося лёгкім спалохам: ён сам выклікаў пажарных і пакінуў задымлены дом. А магло быць усё зусім іначай…

Ратаўнікі зноў і зноў заклікаюць аматараў тытуню: калі не атрымліваецца адмовіцца ад гэтай згубнай прыхільнасці і вы курыце дома, паклапаціцеся аб тым, каб рабіць гэта бяспечна. Ні ў якім разе не кідайце непагашаныя цыгарэты на падлогу і не курыце ў ложку. Акуркі ж складвайце ў попельніцу або металічную бляшанку, лепш за ўсё напоўненую вадой. Не падвяргайце небяспецы сябе і тых, хто жыве з вамі побач.

Аднак курыце вы ці не, устанавіць дома аўтаномны пажарны апавяшчальнік, а таксама своечасова мяняць у ім элемент сілкавання, лішнім не будзе. Гэты невялікі прыбор рэагуе на задымленне і падае моцны гукавы сігнал, ён своечасова папярэдзіць вас аб пагрозе пажару.

Набыць АПА можна ў супрацьпажарным участку па адрасе: г. Дзятлава, вул. Лермантава, 32, а таксама ў магазінах Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Прыбор каштуе ад 12,5 да 20 рублёў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga