Вадаёмы, зацягнутыя лёдам, заўсёды былі аб’ектамі павышанай небяспекі.
Асаблівую актуальнасць тэма набыла ў гэтым годзе. Калі параўнаць леташнюю статыстыку за аналагічны перыяд часу, то на зімовых вадаёмах было 20 загінулых, прапаўшых без вестак не зарэгістравана. Сёлета ж карціна значна змянілася: загінулі ўжо 40 чалавек, прапаўшымі без вестак лічацца 2, а гэта значыць, адбыўся 100 % рост няшчасных выпадкаў.
З мэтай прафілактыкі ў нашай краіне арганізавана акцыя “Зімовы патруль”, удзел у якой прымаюць розныя суб’екты, у тым ліку АСВОД, супрацоўнікі РАНС і міліцыі, добраахвотныя дружыны, актывісты ГА “БРСМ”.
На Дзятлаўшчыне сёлета з пачатку года няма загінулых на вадзе. Тым не менш “Зімовы патруль” рэгулярна выходзіць на свае дзяжурствы і сочыць, каб на нямоцным лёдзе не было дзяцей і рыбакоў.
Як зазначаюць старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі і старшы інжынер Дзятлаўскага РАНС Дзмітрый Лянцэвіч, цяпер вельмі вялікая розніца начных і дзённых тэмператур надвор’я. Напрыклад, ад мінус 7 да плюс 3 у апошнія дні. Гэтага дастаткова, каб лёд стаў крохкім і ўяўляў небяспеку. Удзельнікі “Зімовага патруля” нагадваюць пра гэта людзям, раздаюць тэматычныя флаеры, праводзяць прафілактычныя размовы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga