Пачалася перарэгістрацыя аграэкасядзібаў

Важнае Спорт і турызм

7 лютага адбыўся выезд раённай камісіі па ажыццяўленні комплекснай аб’ектыўнай ацэнкі аграэкасядзібаў у вёску Баравікі.

Цяпер у Рэспубліцы Беларусь у сувязі з уступленнем у сілу з 1 студзеня 2023 года указа Прэзідэнта № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму” адбываецца працэс перарэгістацыі аграэкасядзібаў. Каб прадаўжаць сваю дзейнасць надалей гэту працэдуру ўласнікі аб’ектаў павінны прайсці да 1 ліпеня 2023 года і атрымаць адпаведны дазвол.

Паколькі паведамляльны прынцып праходжання рэгістрацыі змяніўся на дазвольны і гэта ўжо адміністрацыйная працэдура, то пэўнымі кампетэнцыямі надзелена раённая камісія. У яе складзе аграсядзібу ў Баравіках наведалі прадстаўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сектара спорту і турызму райвыканкама, аддзела ўнутраных спраў, райЦГЭ, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, аддела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі.

Спецыялісты ў межах сваіх кампетэнцый агледзелі аграэкасядзібу, каб затым было вынесена заключэнне на адпаведнасць гэтага аб’екта патрабаванням указа. Асаблівую ўвагу звярталі на абавязковыя ўмовы вядзення аграэкабізнесу, якія павінны быць выкананы ў сукупнасці: наяўнасць жылога дома з не больш чым 10 пакоямі, зямельнага ўчастка, асабістай дапаможнай гаспадаркі або вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама магчымасцяў для азнаямлення аграэкатурыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі, архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі мясцовасці.

Падобныя камісійныя выезды будуць прадоўжаны па меры паступлення заяваў на перарэгістрацыю ад уласнікаў аграэкасядзібаў раёна ў службу “адно акно”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga