Пашырыць прафесійныя стасункі, перадаць карысны вопыт, натхніць на творчае самаразвіццё – такія мэты рэспубліканскага семінара-акцыі “Настаўнік года” – адукацыі Дзятлаўскага раёна”, які 23-25 лютага праходзіць на Дзятлаўшчыне.
Удзельнікі клуба “Крыштальны журавель”, яны ж – пераможцы рэспубліканскага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў, на базе гімназіі № 1 горада Дзятлава сустрэліся з педагагічнымі работнікамі нашага раёна, каб пазнаёміцца, правесці адкрытыя ўрокі і майстар-класы, пагаварыць пра асаблівасці сучаснага ўрока і яго выхаваўчы патэнцыял, падзяліцца дзейснымі педагагічнымі прыёмамі і практыкамі.
– Для нас гэта сустрэча вельмі важная, бо ў гасцях – самыя творчыя, ініцыятыўныя, крэатыўныя, інтэлігентныя прадстаўнікі педадагічнай супольнасці, на якіх варта раўняцца, – павітала ўдзельнікаў семінара загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Кулеш. – У нас невялікі, але значны раён, з яго багатай гісторыяй вы ўжо пазнаёміліся. Цяпер тут функцыянуюць 12 установаў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе вучацца 2296 дзяцей, працуе 361 педагог. Нам ёсць кім і чым ганарыцца. Радуе, што ў 2011 годзе з Дзятлаўшчыны “вылецеў” свой “Крыштальны журавель” – Інэса Зубрыліна, ёсць у нас прызёр рэспубліканскага этапу конкурсу “Настаўнік года” – гэта дырэктар гімназіі Наталля Клімец. Рады, што сваім вопытам згадзіліся падзяліцца і вы, каб нашы педагогі ў далейшым змаглі прыносіць яшчэ больш вынікаў сваёй настаўніцкай працай і творчасцю, вучыць дзяцей годна праяўляць сябе ў грамадстве. Радуе, што літаральна нядаўна скарбонку дасягненняў педагогаў раёна папоўніла настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Святлана Урбан, чый вучань і сын адзначаны дыпломам І ступені на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па рускай мове. Спадзяёмся, за час сустрэчы дзятлаўскія педагогі запазычыць вашага вопыту і мы годна прадоўжым ісці ў нагу з часам.
Нязменны на працягу 15 гадоў старшыня рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” настаўніца гімназіі горада Смаргоні Ірына Клявец, выступаючы, адрасавала ўдзельнікам сустрэчы два “дзякуй”: першае – дзятлаўчанам за запрашэнне, другое – членам клуба – за гатоўнасць шчодра дзяліцца сваім прафесійным вопытам з іншымі педагогамі.
– Як думаеце, чаму сімвалам настаўніцкага конкурсу выбраны менавіта журавель? – заінтрыгавала прысутных пытаннем Ірына Рамуальдаўна і адразу ж на яго адказала. – Таму што гэта адзіная птушка, якой для палёту патрэбны разбег, пэўная дыстанцыя. Конкурс прафесійнага майстэрства, які папярэднічае ўступленню ў клуб “Крыштальны журавель”, і ёць гэты грунтоўны “разбег” для таленавітых настаўнікаў-пераможцаў.
Ірына Клявец расказала, што клуб лаўрэатаў педагагічнага конкурсу быў створаны на добраахвотнай аснове, трапляюць у яго ўдзельнікі рэспубліканскага этапу іспытаў, аб’яднанне садзейнічае прафесійным стасункам і распаўсюджванню вопыту, яго курыруе Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, падтрымліваюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларуская педагагічная супольнасць. У саставе клуба цяпер 112 чалавек, на іх рахунку больш за 600 адкрытых урокаў і майстар-класаў у розных кутках рэспублікі і за яе межамі. На Дзятлаўшчыне гэта прафесійная скарбонка будзе папоўнена новымі ў незнаёмых класах. Яшчэ члены клуба ўдзельнічаюць у важных падзеях у галіне адукацыі Беларусі, таксама ў саставе беларускай дэлегацыі яны былі ўдзельнікамі шасці з’ездаў работнікаў адукацыі краінаў СНД, праводзяць экспертызы, ліцэнзаванні, заняткі школы маладога педагога, удзельнічаюць у тэлеперадачах і многае іншае. Інэса Зубрыліна якраз адказвае ў “Крыштальным жураўлі” за сувязі з грамадскасцю і, вядома ж, была рада прывезці калегаў на малую радзіму.
Крэатыўнымі і цікавымі былі самапрадстаўленні іншых членаў клуба – пераможцаў конкурсу розных гадоў, якія заадно “прарэкламавалі” свае ўрокі і майстар-класы. Асабліва цёпла дзятлаўчане падтрымалі прамову зямлячкі Інэсы Зубрылінай.
– У гімназіі № 1 горада Дзятлава да ад’езду ў Мінск я адпрацавала 10 гадоў, прайшлі яшчэ 10 – і я зноў у гэтых сценах, якія дапамагаюць мне, бо вырасла тут на ўроках сваіх бабулі і дзядулі, – прызналася Інэса Уладзіміраўна. – Працую ў сталіцы, а сэрцам жыву ў гэтых мясцінах. У зале шмат знаёмых людзей – мае настаўнікі, вучні, тыя, з кім прайшла конкурс, агонь, ваду і медныя трубы. Гэта вельмі прыемна. Цяпер я пашырыла свой “дзятлаўскі” гурт, запрасіўшы сюды вельмі блізкіх мне людзей, бо Дзятлава – дом, тое, што сагравае, з чаго ўсё пачыналася. Урок мой – “Гістарычныя славутасці Беларусі” аб розных рэгіёнах краіны і, вядома ж, больш увагі ў ім скіравана на Дзятлаўшчыну.
Пасля творчага знаёмства госці і настаўнікі нашага раёна разышліся па кабінетах на новы, не менш цікавы этап семінара – адкрытыя ўрокі, майстар-класы і, як вынік, абагульняючы практыкум “Сучасны ўрок – гэта…”. За актуальны прафесійны вопыт, цёплую атмасферу сустрэчы і гатоўнасць дзяліцца сваімі напрацоўкамі членам рэспубліканскага клуба падзякавала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga