Ён злучыць берагі і раёны. Як будуецца новы Беліцкі мост?

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Каму даводзілася праязджаць у кірунку горада Ліды праз мост цераз раку Нёман, што каля аграгарадка Беліца, заўважалі, што са снежня 2021 года тут пачалося маштабнае будаўніцтва. Побач са старым мостам, па якім рухаецца аўтатранспарт, “расце” прыгожы новы.

Адметна, што ўмоўная мяжа паміж Лідчынай і Дзятлаўшчынай пралягае пасярэдзіне ракі Нёман, а таму новы аб’ект спалучыць два берагі і раёны.

Як ідуць будаўнічыя работы, даведаліся разам з намеснікам старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрыем Баравіком, які сустракаўся з удзельнікамі міжведамаснай камісіі, што правярала аб’ект.

У саставе яе, вядома ж, былі прадстаўнікі арганізацыі – заказчыка работ і арганізацыі – падрадчыка.

Іван Афанасік, начальнік групы рэалізацыі ўпраўлення інвестыцыйнымі праектамі РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр”, расказаў, чаму было прынята рашэнне будаваць новы мост:

– У Беларусі нямала мастоў з паніжанай грузапад’ёмнасцю і адпаведнымі абмежаваннямі, па якіх не павінен хадзіць вялікі транспарт. У іх ліку і Беліцкі, пабудаваны ў 1962 годзе, недастаткова шырокі і моцны. Каб забяспечыць грузаперавозкі ў гэтым запатрабаваным кірунку, прыспела неабходнасць пабудаваць новы мост, які вырашыць праблемы лагістыкі. Падрадчыкам на будаўніцтве быў прызначаны ААТ “Мостабуд”, прадстаўніком падрадчыка яго філіял – Мостабудаўнічае ўпраўленне № 3 горада Баранавічы, якое цяпер і ажыццяўляе работы.

Больш падрабязна аб тым, што адбываецца на будоўлі, а што яшчэ належыць зрабіць, расказаў Аляксандр Гурда, дырэктар Мостабудаўнічага ўпраўлення № 3 горада Баранавічы:

– На першым этапе будаўніцтва мы працавалі разам з “Мостаатрадам” № 58” горада Брэста, цяпер яны пераехалі на іншы аб’ект. Ужо ўзведзены ўсе 9 апор, зроблены рэгеля, зманціраваны балкі, цяпер “збіраем метал”. Надзвіжка вельмі аб’ёмнай канструкцыі ажыццяўляецца па рэйках з дапамогай гідрацыліндраў – гэта звычайная практыка пры ўзвядзенні мастоў. Будматэрыялы выкарыстоўваем пераважна беларускія: жалезабетонныя канструкцыі пастаўляў завод ЖБМК з Фаніпаля, частка металу “прыехала” з Маладзечна, аднак да прадпрыемства былі прэтэнзіі, таму арганізавалі таргі, і астатні метал пастаўляецца з Расійскай Федэрацыі, бетон вырабляем адразу на будаўнічай пляцоўцы – для гэтага ўстаноўлены свой міні-завод.

Поўнае завяршэнне “надзвіжкі” запланавана на сакавік, каб да канца гэтага года рух транспарту пайшоў ужо па новым мосце. Агульны кошт пабудаванага аб’екта складзе каля 40 мільёнаў рублёў, спачатку фінансаванне адбывалася за кошт крэдытавання Еўрапейскім банкам развіцця, але з-за пэўных падзей гэты працэс спыніўся, цяпер сродкі паступаюць з дзяржаўнага бюджэту.

З уводам у эксплуатацыю новага аб’екта стары мост будзе дэманціраваны, мяркуецца, што адбудзецца гэта ў 2024 годзе.

Шмат увагі пры будаўніцтве Беліцкага моста, як і належыць пры ўзвядзенні падобных стратэгічных аб’ектаў, надаецца бяспецы і надзейнасці.

Васілій Вішнеўскі, намеснік начальніка аддзела № 1, дзяржаўны будаўнічы інспектар спецыялізаванай інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам расказаў, на што звяртаецца асноўная увага:

– Гэты аб’ект у нас зарэгітраваны, і згодна з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства, я ажыццяўляю на ім наглядныя функцыі. Прыкладна раз на месяц прыязджаю сюды. У мяне ўжо дзясятая праверка, прычым, усе нарматыўныя тэрміны, вызначаныя заканадаўствам для праверак, вытрымліваюцца. Ажыццяўляю мерапрыемствы тэхнічнага і тэхналагічнага характару. Безумоўна, у час праверак фіксуюцца пэўныя парушэнні, афармляюцца прадпісанні і патрабаванні, вызначаюцца тэрміны для іх ухілення. На гэты раз таксама пагляджу, ці ўсе ранейшыя парушэнні выпраўлены, правяду новы агляд і выбарачны кантроль вузлоў і дэталяў, прасачу за адпаведнасцю патрабаванняў праектнай дакументацыі фактычна зробленым работам. Гэты мост – аб’ект складаны і сур’ёзны, бо мае даўжыню больш за 300 метраў, а таму да яго павінна быць павышаная ўвага не толькі інспекцыі, але і астатніх удзельнікаў будаўніцтва, у тым ліку ажыццяўляецца спецыяльнае навуковае суправаджэнне будоўлі спецыялістамі ДП “БелдарНІІ”. Як бачыце, падыход да бяспекі і надзейнасці самы адказны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga