Іх каханне, як каштоўны жэмчуг

Важнае Грамадства

Добрай традыцыяй на Дзятлаўшчыне стала ўрачыста адзначаць юбілейныя даты шлюбу.

14 лютага сваімі подпісамі ў ганаровай кнізе юбіляраў раённага аддзела ЗАГС  30-годдзе сямейнага жыцця адзначылі Дзмітрый і Анжэла Абярухціны.

Павіншаваць сям’ю з жамчужным вяселлем прыйшлі дзеці, сябры, знаёмыя – прадстаўнікі прафсаюзнага камітэта Дзятлаўскай ЦРБ, дзе больш за 25 гадоў працуе Дзмітрый Леанідавіч, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, а таксама ўдзельнікі і работніцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”, якое наведвае сямейная пара.

У час цырымоніі зноў маладажоны атрымалі мора добрых пажаданняў, кветак і падарункаў ад тых, хто шчыра радуецца іх шчасцю і захапляецца гэтымі валявымі закаханымі людзьмі.

– Жамчужны юбілей сумеснага жыцця – адна з самых рамантычных і прыгожых гадавін вяселля, – зрабіла невялікі экскурс у вясельныя традыцыі начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Кацярына Ваніслаўчык. – Жамчужына, якую высока цэняць, вырастае з маленечкай несамавітай пясчынкі, год за годам пакрываючыся пластамі зіхатлівага перламутру. Так і адносіны паміж мужам і жонкай, якія некалі пачаліся са знаёмства і закаханасці, за трыццацігоддзе ператвараюцца ў рэдкую каштоўнасць.

Непрыкметна праляцелі 30 гадоў з таго дня, калі ў вясельную залу пад марш Мендэльсона ўпершыню ўвайшлі Дзмітрый Леанідавіч і Анжэла Агасаўна, сталі на вясельны ручнік, абмяняліся клятвамі вернасці і заручальнымі пярсцёнкамі.

Кожны з іх ішоў да гэтага дня сваім шляхам.

Анжэла Агасаўна нарадзілася ў 1968 годзе ў сям’і Авецісянаў у расійскім пасёлку Пенінга. Але радасць бацькоў ад з’яўлення на свет маленькай прынцэсы была азмрочана: у 1 год і 2 месяца дзяўчынцы паставілі дыягназ “дзіцячы цэрэбральны параліч”: яна зусім перастала хадзіць, размаўляць. Бацькі разам з дактарамі змагаліся за здароўе сваёй дачушкі і да пяцігадовага ўзросту змаглі зрабіць істотныя поспехі ў гэтым. Калі дзяўчынцы было 8 гадоў, Авецісяны вырашылі вярнуцца на радзіму мамы ў Дзятлава. Некаторы час Анжэла вучылася ў спецшколе, а скончыўшы яе, вярнулася дадому ў бацькоўскі дом.

Дзмітрый Абярухцін нарадзіўся ў Свярдлоўскай вобласці ў шматдзетнай сям’і, дзе гадаваліся чацвёра сыноў і дачка. Як і ўсе дзеці, хадзіў у школу, затым паступіў у вучылішча, якое скончыў са спецыяльнасцю электразваршчыка. У арміі ва Уладзівастоку малады чалавек атрымаў траўму пазваночніка, і яго камісавалі. Далей была чарада складаных аперацый, а ўсе планы на жыццё, якія некалі будаваў, рухнулі ў адзін момант. Аднак валявы, моцны духам і характарам Дзмітрый не здаўся.

Першае знаёмства будучых мужа і жонкі адбылося па перапісцы. У 1991 годзе сяброўка прынесла Анжэле адрасы двух хлопцаў, сярод якіх быў і адрас Дзмітрыя. І яна адважылася першай напісаць ліст. Завязалася перапіска, якая доўжылася каля года. Анжэла шчыра расказала пра сваю хваробу, цяжкасці, якія ёй штодня даводзіцца пераадольваць, але гэта не спалохала маладога чалавека, якому таксама давялося сутыкнуцца з многімі праблемамі. Лісты ад дзяўчыны кранулі яго сэрца.

Увосень Дзмітрый прыехаў на сустрэчу з Анжэлай, паміж маладымі людзьмі ўзнікла сімпатыя, якая з цягам часу перарасла ў сур’ёзныя пачуцці. Перад ад’ездам з Беларусі ён паабяцаў вярнуцца сюды з намерам жаніцца.

Дзмітрый стрымаў сваё слова: у лютым прыехаў у Дзятлава зноў разам са сваімі бацькамі і сястрой. Матуля Анжэлы, радуючыся за шчасце дзяцей, дала ім свой наказ, які дачка запомніла на ўсё жыццё:

– Сям’я, дзеці – гэта не на гадзіну, не на дзень, а на ўсё жыццё. Стварайце яе, калі згодныя несці адказнасць адзін за аднаго.

12 лютага 1993 года ў аддзеле ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама нарадзілася сям’я Абярухціных. Маладыя павянчаліся, у коле сваіх родных і сяброў адзначылі гэту падзею. Маладажоны засталіся жыць у Дзятлаве, і ў хуткім часе Анжэла падарыла Дзмітрыю сына Міхаіла, які вырас, атрымаў спецыяльнасць доктара, стварыў уласную сям’ю, прадаўжае радаваць бацькоў сваімі поспехамі і дасягненнямі. У гэты важны юбілей ён таксама быў з бацькамі.

Ідучы па жыцці разам, пераадольваючы цяжкасці і дзелячы на дваіх радасці Дзмітрый Леанідавіч і Анжэла Агасаўна захавалі ўзаемнае каханне, павагу і адданасць адзін аднаму, аберагаючы сваю сям’ю, як самую каштоўную жамчужыну.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga