Як далучыць дзіця да чытання?
Як навучыць самастойна здабываць з кніг неабходную інфармацыю? На наш погляд, кніга павінна ўвайсці ў свет дзіцяці як мага раней, узбагаціць яго, зрабіць цікавым, поўным незвычайных адкрыццяў. Але, як вядома, сучасныя дзеці ўсё часцей праводзяць свой час за камп’ютарнымі гульнямі, праглядам тэлеперадач і ўсё радзей чытаюць кнігі.
Ва ўмовах, калі ствараюцца цэлыя электронныя бібліятэкі, цяжка прымусіць дзіця ўзяць у рукі кнігу, тым больш дашкольніка, бо ён з’яўляецца своеасаблівым чытачом. Дзеці дашкольнага ўзросту – слухачы, таму бацькам раім як мага больш чытаць ім. На жаль, традыцыя сямейнага чытання практычна страчана. Дзіця расце ў асяроддзі нечытаючых дарослых. Менавіта гэта падштурхнула нас, бібліятэкараў філіяла “Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка-цэнтр агульнадаступнай інфармацыі” да рэалізацыі праекта “Дзеці чытаюць дзецям”.
З ліку школьнікаў мы арганізавалі валанцёрскі атрад, стварылі перасоўны “куток сумеснага чытання”, дзе разам са школьнікамі будзем наведваць мясцовы яслі-сад, арганізоўваць экскурсіі ў бібліятэку, праводзіць мерапрыемствы і, безумоўна, чытаць. Мы лічым, што, калі дзеці будуць чытаць дзецям, гэта прыцягне больш увагі да кнігі. І чытаючы, і слухаючы, разглядаючы кніжныя ілюстрацыі, яны актыўна думаюць, перажываюць за герояў, у іх фарміруецца яркая, вобразная, маляўнічая, граматычна правільна пабудаваная гаворка, узнікае імкненне да пастаянных стасункаў з кнігай. Дашкольнікі ўжо пазнаёміліся з бібліятэкай і паўдзельнічалі ў першых чытаннях.
Людміла ХІЛІМОНЧЫК,
загадчыца філіяла “Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка-цэнтр агульнадаступнай інфармацыі”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga