Чаго чакаем ад Года міру і стварэння?

Важнае Грамадства

Раённая бібліятэка стала пляцоўкай для работы дыялогавай батл-студыі “Піянеры і моладзь Дзятлаўшчыны: трэнды новага пакалення”.

На ёй сустрэліся дэпутаты моладзевага парламента 6-га склікання, піянеры-лідары раённага савета ГА “БРПА” – будучыя члены моладзевага парламента 7-га склікання пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, актывісты ГА “БРСМ”.

У якасці экспертаў у студыю былі запрошаны галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Алена Бічэль, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, дырэктар раённай бібліятэкі Вольга Бойка.

Тон размове задала каардынатар моладзевага парламента Ірына Мішчанка, якая расказала, што дыялогавая батл-пляцоўка дапаможа даведацца, чаго моладзь і дарослыя чакаюць ад Года міру і стварэння, абмеркаваць планы далейшай дзейнасці, распрацаваць сумесны сацыяльна значны праект.

– Сёлетні год аб’яўлены Прэзідэнтам Годам міру і стварэння, ён пераклікаецца з мінулым Годам гітарычнай памяці, – звярнулася да прысутных Кацярына Хілімончык. – Летась мы вынікова працавалі над захаваннем гістарычнай спадчыны, сёлета прадоўжым работу, бо гэта вельмі важна для маладога пакалення. Мы павінны шанаваць і ведаць тых, хто аддаў свае жыцці, каб мы жылі ў міры. На жаль, у раёне засталіся толькі адзін ветэран з Дзятлава і жанчына-тылавік, якая жыве ў дачкі на Слонімшчыне. Мы павінны ганарыцца, што ведаем гэтых людзей. Жадаю вам заўсёды памятаць, што такое мір, быць у гармоніі з сабой, сябраваць, паважаць старэйшых, добра вучыцца, дасягаць пастаўленых мэтаў і няхай голуб міру заўсёды будзе ў нашых сэрцах.

З вынікамі работы ў 2022 годзе прысутных азнаёміў віртуальны відэаэкспрэс “Моладзь Дзятлаўшчыны ў фармаце спраў”.

Ірына Мішчанка запрасіла прысутных далучыцца да работы крэатыў-агенцтва “Ініцыятыва+” і паўдзельнічаць у распрацоўцы раённага сацыяльна значнага праекта па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Моладзевы парламентарызм на Дзятлаўшчыне: новы фармат у дзеянні!”, прымеркаванага да Года міру і стварэння. Удзельнікі пляцоўкі падзяліліся на тры каманды, кожная з якіх павінна была ўнесці свой пакет прапановаў. Перш, чым прыступіць да планавання, правялі кароткую размінку: са слова “Парламентарызм” складалі як мага больш новых словаў. “Мазгавы штурм” паспрыяў далейшай рабоце, таму пры абароне праектаў прагучала шмат цікавых ідэй.

Каманда “Смельчакі” прапанавала ўключыць у раённы праект такія міні-праекты, як “Чыстыя вуліцы любімага горада” па ўборцы смецця і добраўпарадкаванні, у тым ліку на дзіцячых пляцоўках, з удзелам валанцёраў і членаў моладзевага парламента з ліку навучэнцаў і працоўнай моладзі; распрацаваць фотакалаж “Усмешка дзятлаўчаніна” і блог “Анлайн-рэйтар “Моладзевы рух Дзятлаўшчыны”. Каманда “Пушка” заклікала накіравацца ў велапрабег “Дарога да памяці” па ўвекавечанні памяці Вялікай Айчыннай вайны; у рамках валанцёрскай дзейнасці рэалізаваць міні-праект “Валанцёр – хуткая добраахвотная дапамога” і праект “Памяць пакаленняў” па стварэнні Кніг памяці ўстановаў адукацыі. Каманда дарослых “Весельчакі” прапанавала прадоўжыць акцыю “Захаваем памяць на стагоддзі” па навядзенні парадку на помніках і ваенных пахаваннях; да 525-годдзя Дзятлава правесці квэст-гульню “Знаёмая і незнаёмая Дзятлаўшчына”, унесці ў гадавы графік сустрэчы пакаленняў і спартыўныя спаборніцтвы “Юнацтва+мудрасць”, а напрыканцы года ўзнагародзіць самых актыўных удзельнікаў.

Аб моладзевых планах на люты і рэалізацыі беларуска-расійскага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці” і правядзенні раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Я – патрыёт сваёй краіны” па вызначэнні яго ўдзельнікаў расказала Ірына Мішчанка. Сваё мінулагодняе падарожжа на “Цягніку Памяці” ўзгадала дзятлаўчанка Валерыя Шалесная. Вольга Бойка анансавала прысутным выставы, якія працуюць у бібліятэчнай сетцы Дзятлаўшчыны ў Год міру і стварэння, параіла, якую літаратуру можна пачытаць.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: