Брыгада, на выезд!

Галоўнае Грамадства

Мінуў месяц з таго часу, як аўтапарк аддзялення хуткай дапамогі Дзятлаўскай ЦРБ папоўніўся новай спецмашынай, ключы ад якой медыкі атрымалі ад кіраўніцтва раёна.

Як праявіў сябе новы аўтамабіль, ці апраўдаў чаканні, даведаемся ў саміх работнікаў “хуткай”.

Аксана Сілава, фельчар:

– Дзяжурная змена для нас пачынаецца з “прыёму” дзяжурства. Абавязкова разам са зменшчыкамі правяраем укамплектаванасць машыны, наяўнасць і спраўнасць усіх прыбораў згодна з пратаколам Міністэрства аховы здароўя. У працэсе аказання экстраннай дапамогі важна быць упэўненым у тым, што тэхніка не падвядзе.

Я адносна нядаўна працую на “хуткай”, але ўжо ёсць з чым параўноўваць. Узровень камфорту ў новай машыне на парадак вышэйшы, чым у яе папярэдніцы: тут можна стаяць у поўны рост, а значыць, зручна праводзіць усе маніпуляцыі ў дарозе. Што вельмі важна як для медыкаў, так і для пацыентаў – у салоне машыны ўтульна, цёпла і светла, як у аперацыйнай. Адзінае, у чым саступае новая машына, тут няма спецыяльнага століка для медыцынскай укладкі. Але месца ў салоне дастаткова, каб знайсці выхад з сітуацыі.

Міхаіл Снягурскі, фельчар:

– Як заўважыла мая калега, самая важная асаблівасць новай спецмашыны для нас – гэта яе аб’ёмнасць і габарыты. Зручна аказваць дапамогу, загружаць і транспарціраваць хворых, кантраляваць іх стан у час язды. Седзячы на паваротным крэсле, лягчэй падключыцца да вены або памераць ціск. Калі расказваць пра прыборы, якія мы выкарыстоўваем у рабоце, тут маю свой асабісты топ-пералік найбольш папулярных. Нумар адзін – гэта зручнае эвакуацыйнае крэсла, якое мы цяпер часта прымяняем для таго, каб спускаць пацыентаў па лесвіцы з высокіх паверхаў. Не выкарыстоўваецца яно з хворымі на інфаркт, калі транспарціраваць можна толькі лежачы. Вельмі зручныя дзіцячыя і дарослыя шыны, якія спатрэбяцца пры перавозцы пацыентаў з політраўмамі. Практычна ні адно дзяжурства не абыходзіцца без прымянення партатыўнага кардыёграфа, неад’емнага атрыбута машыны хуткай дапамогі. Раней, каб кантраляваць дынаміку стану хворага, трэба было пастаянна раздрукоўваць кардыяграму на паперу, цяпер  маем кардыёграф з маніторам, можам анлайн адсочваць здароўе пацыента ў дарозе.

У перыяд росту пнеўманій і каранавіруснай   інфекцыі не абыходзімся без кіслародных балонаў: падача кіслароду не толькі палягчае працэс дыхання, але і знімае боль.  Не самы папулярны медыцынскі апарат, але не менш важны і абавязковы, гэта дэфібрылятар. Пару гадоў таму ў маёй практыцы быў выпадак, калі праводзіў экстранную рэанімацыю з яго дапамогай: усё атрымалася, мы вярнулі чалавека да жыцця.

У машыне хуткай дапамогі ўсё толькі важнае і патрэбнае, нават коўдра, якую нярэдка выкарыстоўваем зімой, дастаўляючы ў прыёмны пакой пацыентаў з абмаражэннямі.

Іван Кашко, вадзіцель:

– У аддзяленні хуткай дапамогі працую больш за 25 гадоў, гэта шостая машына на маім вяку. Помню, пачынаў з так званай “буханкі” – аўтамабіля УАЗ, затым паездзіў на розных мадыфікацыях “ГАЗелі”. У параўнанні з імі ўзровень камфорту ў сучаснай тэхніцы істотна павысіўся. У машыне ёсць навігатар, відэарэгістратар, працуе кандыцыянер, што будзе асабліва актуальна летам. У цёмны час сутак зарыентавацца на мясцовасці, разгледзець нумар дома дапамагае пражэктар, размешчаны на кузаве машыны.

Цяпер аўтамабіль праходзіць перыяд “абкаткі” да першага тэхнічнага абслугоўвання, якое павінна быць праз 20 тысяч кіламетраў. Стараюся ездзіць акуратна, “прыслухоўваючыся” да аўтамабіля, заўважаючы нюансы. Новая тэхніка ёсць новая, праблем і пытанняў не ўзнікае. “Няўзброеным” вокам можна заўважыць, што новы аўтамабіль мае ўнушальныя габарыты, кіраванне ім патрабуе ад вадзіцеля дадатковай увагі і канцэнтрацыі, асабліва на вузкіх вясковых вуліцах. Аднак транспарт добра паказвае сябе ў паездках на вялікія адлегласці: у гэтым месяцы былі камандзіроўкі ў Гродна, Астравец, даехалі з камфортам. Думаю, пры ашчадным беражлівым стаўленні машына доўгі час паслужыць медыкам верай і праўдай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga