На Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва з удзелам некалькіх інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.
З калектывамі Новаяльнянскіх сярэдняй школы і дзіцячага сада сустрэлася група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
У пераліку важных для абмеркавання тэм – вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за мінулы год.
– 2022 год склаўся добра для Дзятлаўшчыны, нягледзячы на выклікі часу, мы плённа спрацавалі ва ўсіх сферах, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Па фінансавых паказчыках за мінулы год наш раён увайшоў у чацвёрку лепшых у вобласці.
У параўнанні з 2021 годам выручка вырасла на 21 % і склала 517 мільёнаў рублёў. У два разы павялічыўся прыбытак прадпрыемстваў, узрасла рэнтабельнасць продажаў, сярэдняя заработная плата.
Больш за 60 % выручкі прадпрыемстваў нашага раёна – у сферы прамысловасці. Пры гэтым у 2022 годзе ўсе прадпрыемствы спрацавалі прыбыткова. У лідарах – Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, а таксама ТАА “Ізакам” і “Ізакам Пласт”, Дзятлаўская сельгастэхніка, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. Стабільна добрыя вынікі паказвае прыватнае прадпрыемства “Суперпак Інвест”, якое ў мінулым годзе ўвайшло ў сістэму канцэрна “Беллеспаперапрам”. Эфектыўна працуюць ААТ “Дварэцкі льнозавод” – экспартаарыентаванае прадпрыемства, якое пры гэтым выконвае і дзяржаўны заказ; ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, якое не толькі забяспечвае камбікормам усе сельгаспрадпрыемствы нашага раёна, але і пастаўляе больш за 60 % прадукцыі для птушкафабрыкі “Дружба”. Прадпрыемства адрозніваецца якасцю выпускаемай прадукцыі, з’яўляецца надзейным партнёрам. Складаныя часы пандэміі адступілі, сёння з добрай рэнтабельнасцю і прыбыткам працуюць нашы санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”.
Вынік устойлівай работы эканомікі Дзятлаўшчыны – добрая напаўняльнасць раённага бюджэту, за сродкі якога, напрыклад, быў набыты транспарт для сацыяльнай сферы – школьны аўтобус і спецмашына хуткай дапамогі, таксама правялі рамонтныя работы, укамплектавалі мэбляй і абсталяваннем установы адукацыі раёна.
На гэты год запланаваны ўнушальны комплекс мерапрыемстваў па развіцці інфраструктуры Дзятлаўшчыны, якія прафінансуюцца з раённага бюджэту. Сярод іх – рамонт у хірургічным аддзяленні бальніцы, мадэрнізацыя харчблока ў дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава.
– За мінулы год мы значна выраслі ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, – падвёў вынік Андрэй Уладзіміравіч. – Цяпер важна не спыняцца на дасягнутым і працаваць па меры сіл. Планаў шмат, застаецца іх рэалізаваць.
У Год міру і стварэння, напярэдадні свята абаронцаў Айчыны, размова ішла аб забеспячэнні ваеннай бяспекі як найважнейшым фактары развіцця Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах.
– Мы не можам выключаць, што супраць нашай краіны можа быць разгорнута агрэсія. Такую гатоўнасць з боку нашых суседзяў мы бачым. Ведаем, хто падштурхоўвае ў спіну гэтых самых суседзяў для таго, каб яны стваралі напружанасць на нашых граніцах, – працытаваў словы кіраўніка краіны ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.
Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь носіць абарончы характар. Наша краіна зыходзіць з таго, што ні адна з дзяржаў не з’яўляецца для яе праціўнікам. У той жа час Беларусь будзе адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы з выкарыстаннем усіх наяўных сродкаў, у тым ліку з дапамогай прымянення ваеннай сілы, і пакідае за сабой права прыняцця комплексу прэвентыўных мер стратэгічнага стрымлівання ў мэтах недапушчэння нападу або нейтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту.
Суверэнная беларуская дзяржава знаходзіцца ў эпіцэнтры сусветных падзей і інтарэсаў глабальных ігракоў. І сёння Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь працягваюць заставацца ключавым элементам стратэгічнага стрымлівання, якія забяспечваюць прадухіленне пагрозы прымянення ваеннай сілы супраць нашай краіны.
Ваенны камісар расказаў, што ў Беларусі застаецца змешаны тып камплектавання нацыянальнай арміі, у якую ўваходзяць як ваеннаслужачыя тэрміновай службы, так і тыя, хто служыць па кантракце.
– Гэта правільна, бо кожны мужчына, грамадзянін, павінен умець абараняць сваю Радзіму, – заўважыў Генадзь Тадэвушавіч. – Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка слушна заўважыў: калі мы хочам жыць у міры і бяспецы, то перш за ўсё павінны паважаць і шанаваць працу людзей у пагонах, выхоўваць дзяцей патрыётамі сваёй краіны і выконваць закон.
На Дні інфармавання ўзнялі надзённую праблему пажараў і смерці на іх з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні. На жаль, сумная статыстыка не абышла і Дзятлаўшчыну. У цяперашні момант расследуюцца абставіны гібелі жыхара раёна ў агні з-за цыгарэты. Адна з верагодных версій – знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення.
– Кожны сам адказвае за ўласную бяспеку. Каб забяспечыць яе, адмаўляйцеся ад шкодных звычак, не курыце ў ложку і абавязкова ўстанаўлівайце дома аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які ўжо ў гэтым годзе выратаваў жыццё нашаму земляку, – расказаў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык.
Яшчэ аб адной важнай тэме гаварыў Сяргей Сяргеевіч: вясна ўжо блізка, а фанаты зімовай рыбалкі стараюцца паспець павудзіць рыбу на апошнім лёдзе – рабіць гэта катэгарычна забараняецца.
Таксама ён узгадаў сезонную праблему выпальвання сухой расліннасці, якім, нягледзячы на ўсе перасцярогі, упарта карыстаюцца ўладальнікі прыватных дамоў і дач. Як вынік – верагоднасць страціць маёмасць, пацярпець самім і атрымаць штраф за парушэнне супрацьпажарнага заканадаўства.
На жаль, не згубіла сваёй актуальнасці праблема п’янства на працоўным месцы і, як следства, траўматызму. У Гродзенскай вобласці за мінулы год ад работы былі вызвалены 807 чалавек, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 311. У Дзятлаўскім раёне “па артыкуле” за п’янства на рабочым месцы ў 2021 годзе былі звольнены 5 чалавек, у 2022 годзе – 2. Як адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, многія вытворчыя траўмы былі справакаваны або ўскладнены станам алкагольнага ап’янення.
З другога боку, сталі фіксавацца выпадкі недамагання і нават смерці на рабочым месцы без відавочных прычын. Не ўсе людзі ўважліва адносяцца да свайго здароўя і не рэагуюць на трывожныя “званочкі”. Алена Раманаўна заклікала землякоў берагчы сваё здароўе, своечасова праходзіць планавую дыспансерызацыю і пры кепскім адчуванні абавязкова звяртацца да доктара.
Абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група працавала ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Групы намеснікаў старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча і Вольгі Жэлезоўскай – у калектывах Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў і раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага сустрэлася з жыхарамі Жукоўшчынскага сельскага савета па месцы жыхарства.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Ірыны СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga