Віншаванні для вялікай сям’і

Важнае Грамадства

У дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” актыўна ўдзельнічаюць грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны.

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк са старшынёй раённай піянерскай арганізацыі Ірынай Мішчанка і піянерамі-валанцёрамі наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў.

Вялікай сям’і госці пажадалі здароўя і шчасця ў 2023 годзе, дзецям – каб старанна вучыліся і радавалі бацькоў сваімі поспехамі, бацькам – невычэрпнай энергіі, мудрасці і гонару за дзяцей.

У святы кожны чакае не толькі цёплых сустрэч, але і прыемных сюрпрызаў, а таму ад Таварыства Чырвонага Крыжа дружная сям’я Шэлегаў атрымала ў якасці падарункаў утульныя коўдры, фрукты, настольныя гульні і канструктар.

Галіна Касцюк адзначыла, што валанцёры Чырвонага Крыжа заўсёды стараюцца сагрэць сваім цяплом тых, хто мае ў гэтым патрэбу, і асабліва прыемна, што ў святочныя дні ўдаецца падзяліцца радасцю і дабрынёй з юнымі і дарослымі землякамі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадаставіла Галіна КАСЦЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga