Пытанне: тэлефонныя хуліганы, або як цяпер іх навамодна называюць пранкеры, з мэтай самасцвярдзіцца нярэдка не заўважаюць, як іх жарты пераходзяць у катэгорыю злачынстваў.
Што пагражае за “свавольствы” ў выглядзе лжывых паведамленняў аб небяспецы, напрыклад выдуманага мініравання аб’екта?
Адказвае старшы ўчастковы інспектар АУС райвыканкама Аляксандр Скварчынскі:
– За заведама лжывае паведамленне, у выніку якога былі прыняты меры рэагавання міліцыяй, хуткай медыцынскай дапамогай, падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях або іншымі спецыялізаванымі службамі, прадугледжаны штраф у памеры ад чатырох да пятнаццаці базавых велічыняў. За тое ж дзеянне, учыненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, прыйдзецца заплаціць штраф у памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічыняў.
Яшчэ адзначу, што здараюцца сітуацыі, калі чалавек тэлефануе ў міліцыю, паведамляе пра парушэнне і сыходзіць з месца выкліку да прыбыцця міліцыянераў, – яго дзеянні могуць быць расцэнены як ілжывы выклік. Без прысутнасці відавочцы праваахоўнікам не ўдасца аб’ектыўна разгледзець сітуацыю. За лжывае паведамленне могуць пазбавіць волі. А ўстанавіць нумар, з якога адбыўся тэлефонны званок, сёння не складана.
Загадзя лжывае паведамленне аб падрыхтоўцы выбуху, падпале ці іншых дзеяннях, якія ствараюць небяспеку для жыцця і здароўя людзей, або прычыненне шкоды ў буйным памеры, надыход іншых цяжкіх наступстваў, караюцца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў. За такі ж паўторны ўчынак або лжывае паведамленне, спланаванае групай асобаў па папярэдняй змове, караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
Многія з тых, хто дарма набірае тэлефон “102”, у першую чаргу, павінны падумаць не толькі аб адказнасці, якая пагражае ім за лжывы выклік, але і пра тое, што, магчыма, у той момант, калі да яго едзе нарад міліцыі, дзесьці здзяйсняецца рэальнае злачынства або людзям сапраўды патрэбна неадкладная дапамога.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga