Прэстыжная, актуальная, цікавая

Важнае Грамадства

Такое меркаванне аб прафесіі сваёй мары выказалі ўдзельнікі сустрэчы з прадстаўнікамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, на якую старшакласнікаў з усіх школ раёна запрасілі ў актавую залу гімназіі № 1 горада Дзятлава.

Аб тым, як стаць прафесійным ваенным, патрыётам сваёй Айчыны, школьнікам расказаў выкладчык кафедры агнявой падрыхтоўкі Ваеннай акадэміі  падпалкоўнік Віталь Паўленка. Ён прадэманстраваў аўдыторыі відэаролік з падрабязнай інфармацыяй пра кожны з факультэтаў навучальнай установы, умовы паступлення і навучальнага працэсу.

– Служыць Айчыне з году ў год становіцца ўсё больш прэстыжным, – падвёў вынік сустрэчы ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. – У гэтым навучальным годзе мы ўжо атрымалі сем заяў ад будучых выпускнікоў, якія жадаюць звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй.

Тым, хто яшчэ збіраецца наведаць райваенкамат, Генадзь Тадэвушавіч растлумачыў парадак прыёму дакументаў.

Адзінаццацікласнікі падзяліліся думкамі пра выбраную імі будучую ваенную справу.

Ігар Гоман, навучэнец Хвінявіцкай сярэдняй школы:

– Мой старэйшы брат працуе ў пагранічнай службе Беларусі. Ён з’яўляецца прыкладам для мяне, яго аўтарытэт і парады моцна паўплывалі на маё рашэнне паступаць. Разам з сябрам-аднакласнікам падаём дакументы ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, ужо сёння “штудзіруем” фізіку, матэматыку і фізпадрыхтоўку. Тым, хто выбірае гэтую прафесію, жадаю цярпення, сілаў і ўпэўненасці ў сабе.

Уладзіслаў Сцепанчук, навучэнец Хвінявіцкай сярэдняй школы:

– Планую паступаць на агульнавайсковы факультэт Ваеннай Акадэміі, спецыяльнасць “кіраванне мотастралковымі падраздзяленнямі”. Лічу гэту прафесію прэстыжнай у наш час. Акрамя таго, гэта дастойны заробак і сацыяльныя ўмовы, што важна ў дарослым жыцці.

Сяргей Нядбайлік, навучэнец сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:

– У будучым бачу сябе студэнтам ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Прывабіла тое, што ў час навучання прадастаўляюць жыллё, добрую стыпендыю, абмундзіраванне. Радуе тое, што атрымаю адразу дзве спецыяльнасці – грамадзянскую і ваенную. Упэўнены, што абраная прафесія будзе прэстыжнай, а работа – цікавай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga