Матывацыя дапамагае працаваць эфектыўна

Важнае Улада

Дзелавы панядзелак.

Шэраг пытанняў штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага тычыўся праблемных момантаў у сферы эканомікі і будаўніцтва. Дэталёва разабралі актуальныя тэмы АПК.

“Дзе пасееш густа, там не будзе пуста”

Зімовы час дае магчымасць паклапаціцца аб будучым ураджаі. Таму Андрэй Садоўскі звярнуў увагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, што толькі пры планамернай і добрай падрыхтоўцы атрымаецца ў агранамічныя тэрміны правесці пасеў і далейшы догляд сельскагаспадарчых раслін, і, як следства, атрымаць годны ўраджай.

У прыватнасці, Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што вельмі па-гаспадарску падыходзіць да падрыхтоўкі насеннай базы старшыня КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі. Штогод гаспадарка набывае насенне эліты або суперэліты розных відаў раслін, займаецца рэпрадукцыяй. З кожным годам клас паніжаецца, аналагічна пагаршаецца якасць і паказчыкі ўсходжасці. У “Хвінявічах” гэта ўлічваюць, падыходзяць да аграноміі сістэмна, таму і вынік на ўборцы ўраджаю маюць станоўча высокі.

Раўняцца на гаспадарку “Граніт-Агра” ў падрыхтоўцы тэхнікі для праходжання тэхагляду заклікаў старшыня райвыканкама кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Тут для яго правядзення ўсю тэхніку: адрамантаваную, пафарбаваную, укамплектаваную сродкамі пажарнай бяспекі, першай медыцынскай дапамогі – у назначаны дзень выводзяць з боксаў на вуліцу, “выстройваюць” у шарэнгу. Так, сапраўды, бачна, што тэхніка гранітаўцаў на лініі гатоўнасці і ў прамым, і ў пераносным сэнсе, – і традыцыйна па праходжанні тэхнічнага агляду праблем не мае.

– Што датычыцца назапашвання і вывазу ўгнаенняў, то ўвогуле па раёне сітуацыя нармальная, крыху горш, чым астатнія спраўляецца КСУП “Войневічы”, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч даў заўвагі тым кіраўнікам гаспадарак, якія не арганізавалі ў зімовы перыяд выхадныя дні для механізатараў.

– Напрыклад, у КСУП “Жукоўшчына” ў будні не “кіпіць работа”, таму і ў выхадныя работнікі не адпачываюць, а дарабляюць, што не паспелі. Вучыцеся ў Станіслава Мазура арганізоўваць так рабочы працэс і настройваць, матываваць людзей на актыўную дзейнасць у будні, каб два дні ў тыдзень заставаліся ў работнікаў паўнацэннымі выхаднымі. Да пачатку насычаных палявых работ гэта можна і трэба рабіць.

Ратаваць не ў душы, а душы

На мінулым тыдні два пажары адбыліся ў Дзятлаўскім раёне. Абышлося без ахвяраў. Прадаўжаюць працаваць назіральныя камісіі.

– Звярніце ўвагу на жыхароў раёна, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Трагедыя ў Смаргоні на мінулым тыдні, калі на пажары жылога дома загінула 4 чалавекі, яшчэ адзін у цяжкім стане быў дастаўлены ў рэанімацыю, паказвае, што ў тых, хто злоўжывае алкаголем няма ніякага самакантролю. З такімі людзьмі трэба актыўна працаваць, не атрымліваецца – адпраўляйце ў лячэбна-працоўны прафілакторый, –  заўважыў старшыня райвыканкама адказным службам, членам назіральных камісій.

Таксама дзятлаўскім ратаўнікам пастаўлена задача праверыць шлейфы пажарнай сігналізацыі ў арганізацыях сацыяльнай сферы, асаблівую ўвагу надаць навучальным установам.

Гарадскі пляж, станцыя абезжалезвання, добраўпарадкаванне

Планы і рэалізацыю праектаў па капітальных рамонтах, будаўніцтве аб’ектаў абмеркавалі на нарадзе. Завершаны праект па электрыфікацыі гарадскога пляжа ў Дзятлаве. Старшыня райвыканкама даручыў спецыялістам ЖКГ вясною правесці добраўпарадкаванне берага возера: устанавіць навесы, лаўкі, арганізаваць валейбольную пляцоўку і іншае.

Зараз праходзіць экспертызу праектная дакументацыя па будаўніцтве станцыі абезжалезвання ў вёсцы Дзянісава. Прадаўжаецца капітальны рамонт шматкватэрнага дома па вуліцы Перамогі ў райцэнтры. На абмеркаванне службаў райвыканкама вынесена прапанова аб будаўніцтве 20-кватэрнага дома ў Дзятлаве ў 2024 годзе. Вызначаны ўчасткі водаправодных, каналізацыйных і цепласетак, якія патрабуюць аператыўнай або планавай замены.

– У гарпасёлку Наваельня, на месцы трагічнай гібелі восенню 1942 года мясцовага насельніцтва ад рук фашысцкіх акупантаў і іх пасобнікаў, дзе ў снежні мінулага года адбылася цырымонія перапахавання астанкаў, плануем устанавіць помнік, агароджу вакол знака, высадзіць дрэвы па перыметры магілы, увогуле правесці добраўпарадкаванне гэтай тэрыторыі. Памяць неабходна захоўваць, – рэзюмаваў Андрэй Садоўскі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: