На Дзятлаўшчыне стартаваў інфармацыйна-пазнавальны праект “Праз актыўнасць да даўгалецця”.
Яго рэалізуе калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам са спецыялістамі службаў прафілактыкі.
Першая сустрэча ў рамках праекта ў фармаце інтэрактыўна-пазнавальнай праграмы “Азбука бяспекі” адбылася з удзельнікамі аб’яднання “Крыніца натхнення”, якое працуе на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна. Пагутарыць аб правілах паводзінаў у быце, карысным харчаванні і здаровым ладзе жыцця асаблівых людзей заклікалі Каралева Бяспекі (Ганна Харлінская) і яе памочнік Святлафор (Марына Варган).
Спачатку паразважалі на тэму, як захаваць здароўе, затым са старшым інспектарам Дзятлаўскага РАНС Сяргеем Цвірко адказалі на пытанні віктарыны “З агнём жартаваць нельга”. Наступным выпрабаваннем стала інтэлектуальная гульня “Дарожная азбука” ад Святлафора. Інструктар-валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ Наталля Юрэня расказала аб правільным харчаванні, атрыманыя ад яе веды замацавалі праз гульню “Карысныя і шкодныя прадукты”.
Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы ўпрыгожылі сцікерамі-сімваламі дрэва бяспекі і паразважалі, чаму важна прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga