Фарбы на снезе

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Творы мастацтва ідуць недзе адтуль, з глыбіні вякоў, маюць непарыўную сувязь з нашай рэчаіснасцю.

Васіль Кандзінскі ўяўляў, што карціна павінна нараджацца як адкрыццё і перадаваць тое, што немагчыма перадаць словамі. Кожны элемент сюжэта прыпадабняецца гуку ў шматгалоснай сімфоніі фарбаў і ліній. Менавіта так можна ўявіць авангардныя шэдэўры Кандзінскага, прадстаўленныя ў Эрмітажы. Падобны танец фарбаў я неаднойчы ўжо бачыў у маім дзяцінстве зімой у 70-ыя гады ў вёсцы Салавічы на Дзятлаўшчыне. Чалавек, надвор’е, прырода і час разам малявалі непаўторныя вітражы на снезе…

Салавічы – непрыкметная вёсачка, якая згубілася паміж магутных сасновых лясоў, абмежаваная з аднаго боку Дзенісянчыным Лугам, з другога – прытокамі Шчары: Трыцаўкай і Воўчанкай. У размове з жыхарамі на пытанне: “А чаму так завецца вёска?” – не пачуў разгорнутага адказу. Казалі, што вясною і летам тут прыгожа спяваюць салаўі, а яшчэ, сала – самае смачнае ва ўсім наваколлі. Праз сугучча з гэтымі тапанімічнымі паданнямі, магчыма, і паходзіць назва Салавічы. Пасля восеньскіх гаспадарчых клопатаў надыходзіў час зімовага зацішша, але толькі не ў маёй бабулі Антаніны Лазута. Ужо на надворку было відаць, што пачынаецца падрыхтоўка да ткацкай справы, ідзе працэс фарбавання нітак. На вуліцы, каля хаты, то тут, то там снег быў пафарбаваны ў самыя розныя колеры. Фарбы дапаўнялі адна другую, перапляталіся ў цікавыя сюжэты, сама прырода малявала арыгінальныя творы ў стылі авангардызму, якія існавалі да новай завеі.

Таямніца гэтага мастацтва, яго вытокі пачыналіся ў вялікім пакоі хаты, дзе ў цэнтры стаялі кросны. “Кросны прачнуліся. Бачыш, ставы (драўляны каркас) знялі са сцяны, цяпер кросны ад Каляд да Пасхі будуць “жыць” у хаце”, – казала бабуля Антаніна. Ніцяная аснова была пунктуальна навіта на навой станка, ніты, бёрды і чапёлкі чакалі свайго часу, каб усім разам адчыніць шлях да таямніцы ткацкага мастацтва. Чаўнок з рознакаляровымі ніткамі ў руках бабулі-чараўніцы пералятаў з адного боку ў другі. Назіраючы за творчасцю майстра, пераконваешся, што ткацтва – гэта не проста машынальнае перабіранне нітак, а праца, якая патрабуе незвычайнага падыходу, аб’ёмнага ўяўлення малюнка. На мой погляд, уражлівае тое, што бабуля не выкарыстоўвала аніякіх запісаў, эцюдаў ці схем, засноўвалася толькі на асабістым досведзе, кожная працяжка ніткі дадавала чарговую рыску, разыначку ў агульную карціну дывана, палавіка, посцілкі ці абруса.

Ніткі рыхтавалі, пралі з авечай воўны. Фарбавалі іх з дапамогай драўнянага вуглю, капуснага расолу, бурачнага соку, шалупіння з-пад цыбулі і спецыяльных штучных фарбавальнікаў – варылі ў чугунах, а потым паласкалі ў халоднай вадзе. Такім чынам, фарба вельмі добра трымалася на гатовых вырабах і дзесяцігоддзямі не мяняла колеру. Рэшткі ўжываных фарбаў вылівалі на снег, па чым адразу было відаць – у гэтай хаце працуюць кросны.

У руплівай і гаспадарлівай жанчыны, якой была Антаніна Міхайлаўна, праца на кроснах ішла з першага погляду проста і хутка. “Тук”, “тук” – нітка да ніткі ў руках бабулі прыбіваліся адна да адной, потым сваю партыю ігралі панажайкі, ашчадна націснутыя ў патрэбны момант магічнай працы кросен пад кіраўніцтвам майстра. І вось на навоі кросен сантыметр за сантыметрам паступова з’яўлялася ткацкая карціна на палатне з вельмі чароўным арнаментам і малюнкамі. На многіх дыванах бабуля ткала ромб у розных яго варыяцыях – галоўны элемент беларускай народнай вышыўкі. “Чаму гэдак?”, – пытаўся я. “Так мая маці і мая бабуля ткалі”. Насамрэч, навукоўцамі абгрунтавана, што гэта праява пэўнага архітыпу чалавека, бо канкрэтныя вобразы народнай творчасці афармляюцца менавіта на аснове архітыпаў (Рассадин С.Е. Истоки государственной символики Беларуси. Мн., 2014).

Вельмі цікава паглядзець на тканыя карціны з рознага ракурсу і адлегласці. Пры блізкім разглядзе можна ўбачыць шматлікія варыяцыі ромба, якія маюць свой глыбокі сэнс. Ромб – сімвал урадлівасці і ўраджайнасці. Сонечны знак – ромб з атожылкамі. Шматкропкавы ромб – сімвал насення і першых парасткаў. Знак зямлі – перакрэслены ромб з кропкамі, і, вядома ж, сімвал чалавека – васьміканцовая разетка. Некаторыя знакі не атрымоўваецца расшыфраваць да сапраўднага часу. Зачароўвае дыван з мноствам рознакаляровых ромбаў у ромбе, якія плаўна перацякаюць з аднаго ў другі, аб’яднаныя паміж сабой рознакаляровымі прамымі і ізвітымі тканымі сцяжынкамі – сімваламі шляхоў нашага жыцця. Вядома, што вельмі цяжка выткаць круглую фігуру, але ўдавалася ёй ствараць кампазіцыю на палатне ў выглядзе кветак, лісця, рыбак і птушачак, увасабляючы прыродныя з’явы, пачуцці і надзеі чалавека на лепшае жыццё ў міры і згодзе. Менавіта для такіх твораў ужывала бабуля ўнікальную тэхніку двухасноўнага двухслойнага ткацтва. Гэтыя вырабы можна было выкарыстоўваць з двух бакоў, з вонкавага і сподняга боку колер малюнка і фону быў супрацьлеглым па прынцыпе негатыва і пазітыва.

Калі разглядаць гэтыя карціны з больш далёкай адлегласці, ствараецца ўражанне, што ўсе аб’екты, знакі існуюць не асобна адзін ад аднаго, а ўзаемазлучаны паміж сабой у прасторы і часе. Навакольны свет, як бачыла яго Антаніна Міхайлаўна, захаваны на тканіне ў яго рэальнасці, рухомасці і зменлівасці. Вельмі цікавым з’яўляецца каляровае рашэнне малюнкаў. Сярод асноўных колераў: чырвоны, сіні, зялёны, жоўты, белы. Для мастацкай перадачы малюнкаў прымянялася палітра самых розных адценняў. Можна ўбачыць як адзін колер пераходзіць у другі, кожны штрышок і кропачка каляровай нітачкі, як некалі мазкі імпрэсіяністаў, ствараюць суцэльнае ўяўленне аб творы як жывой істоце. Усе гэтыя знакі, фарбы вельмі моцныя, лічылася, што яны павінны аберагаць чалавека. Нашы продкі верылі, што яны дапамагаюць. У хаце бабулі заўсёды на сценах віселі тканыя дываны, а ложкі былі засланыя тканымі посцілкамі.

На жаль, зараз у Салавічах не ўбачыш фарбаў на снезе, якія дадавалі свой незвычайны каларыт вёскі. Дзякуючы энтузіястам, майстрам ткацкай справы, музейным супрацоўнікам ручное ткацтва працягвае існаваць і развівацца. Яно з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Мы, нашчадкі, з павагай захоўваем творы ткацкага мастацтва нашых продкаў, у іх праз сімвалы міру і дабра адлюстравана стваральная праца нашых людзей. Прапаную ў Год міру і стварэння апавядаць на старонках раённай газеты пра разнастайныя і шматлікія рамёствы Дзятлаўшчыны, падзяліцца сваімі ўласнымі ўражаннямі.

Ігар ЛАЗАРЧЫК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga