Алена Адамік: “Не шукала лёгкіх дарог”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Нядаўна свой 90-гадовы юбілей адзначыла цікавая жанчына з няпростым лёсам, вядомы на Дзятлаўшчыне ветэран педагагічнай працы з вёскі Явар – Алена Адамік.

З “жывой музычнай паштоўкай” у рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізоўвае сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, павіншаваць заслужаную зямлячку з “круглай датай” у яе родную вёску прыехалі артысты Ірына Бакшук, Марына Варган, Іван Кашко, да якіх з падарункам і віншаваннямі ад раённага савета ветэранаў педагагічнай працы далучылася намеснік старшыні аб’яднання Яўгенія Савань.

Госці зычылі Алене Іванаўне моцнага здароўя, актыўнага даўгалецця, увагі родных і сяброў, светлых і радасных дзён на жыццёвым шляху, спаўнення самых запаветных жаданняў.

Іх душэўныя мілагучныя песні нібыта вярнулі імянінніцу мудрага ўзросту ў гады маладосці, калі яна і сама з задавальненнем выступала на сцэне. Узгадала, як з сяброўкай Наталляй Сабалеўскай на абласным конкурсе ў Баранавічах на два галасы спявалі любімую песню “Явар і каліна” на словы Янкі Купалы. Гэты музычны твор і цяпер не перастае хваляваць душу Алены Адамік, выклікае ў яе самыя глыбокія эмоцыі. Можа таму, што і родная вёсачка, дзе юбілярцы вядомы ўсе дрэўцы і сцяжынкі, па якіх столькі прабегала басанож, называецца проста, гучна і міла – Явар. Колькі духмяных зёлак тут было сабрана ў букеты, колькі смачных салодкіх ягад прайшло праз далоні Алены Іванаўны, колькі грыбных палянак роснымі ранкамі падарыў ёй родны куточак бацькоўскай зямлі – ужо і не злічыць. Магчыма, менавіта пешая хада і прыгожая яварская прырода мацавалі сілы і здароўе, сталі для сельскай настаўніцы яе асабістым сакрэтам даўгалецця, а яшчэ ў яго склад увайшлі шчырыя добрыя адносіны да людзей, любоў да вучняў і амаль 40 гадоў самаадданай педагагічнай працы, якая проста не дазваляла састарыцца ні фізічна, ні душой.

Калі Алена Адамік узгадвае ўсё найлепшае, чым шчодра надзяліў яе лёс, старонняму слухачу можа падацца, што гэта жанчына пражыла выключна шчаслівае жыццё, аднак усё далёка не так.

– Я не шукала лёгкіх дарог, – прызнаецца Алена Іванаўна, акунаючыся яшчэ глыбей ва ўспаміны. – Толькі настойлівасць і напор, якія заўсёды былі галоўнымі рысамі майго характару, дапамагалі многага дабівацца ў жыцці. Маленькай дзяўчынкай, разам з дзвюмя сваімі сястрычкамі Ганнай і Алінай, я засталася без матулі. Яна памерла на 29-ым годзе жыцця, нашаму тату на той час было 35, але ён больш так і не ажаніўся. Ставіць нас на ногі дапамагала добрая бабуля Феня, татава маці. У складаныя пасляваенныя гады нашай сям’і жылося няпроста, не заўсёды хапала прадуктаў, што ўжо казаць пра грошы, бо ў калгасе “Новае жыццё” тату налічвалі працадні, а вучоба ў школе была платнай. З-за гэтага мая старэйшая сястра Ганна змагла скончыць толькі 7 класаў, хутка і мне давялося пакінуць школу, аднак “выратаваў” тагачасны дырэктар: запрасіў працаваць школьным бібліятэкарам і самастойна аплачваць вучобу. Вядома ж, з вялікай удзячнасцю прыняла такі давер, у далейшым старалася атрымліваць за адказы толькі выдатныя адзнакі. Праўда, у нашага настаўніка гісторыі “зарабіць” вышэйшы бал было вельмі складана, вось і вырашыла для сябе, што абавязкова “пакару і гэту вышыню” – таксама атрымаю адукацыю “гісторыка”.

Шлях Алены Адамік да яе задумы быў паслядоўным: пасля школы скончыла курсы і працавала старшай піянерважатай у Казлоўшчынскай школе, затым загадчыцай аддзела Казлоўшчынскага райкама камсамола, паступіла на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Уладзіміра Леніна. Настаўніцкая спецыяльнасць адкрыла ёй дарогу ў прафесію: працавала ў вёсцы Дзераўная на Слонімшчыне, у Раготне, а ў 1957 годзе вярнулася ў родную Яварскую школу, дзе не толькі настаўнічала, але і была завучам, узначальвала раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў гісторыі, з’яўлялася прапагандыстам мясцовага калгаса “Новае жыццё” – ладзіла палітзаняткі з актывам гаспадаркі. Яе вопыт прапагандыста і метадычнае майстэрства пераймалі ў вобласці і рэспубліцы, а работа “Комплексны падыход у выхаванні працоўных” нават была надрукавана выдавецтвам ЦК КПБ. За шматгадовую бездакорную працу і дасягненні на педагагічнай ніве Алена Іванаўна ў 1968 годзе адзначана Граматай Вярхоўнага Савета БССР за подпісам Сяргея Прытыцкага, юбілейным медалём да 100-годдзя нараджэння Уладзіміра Леніна, медалём “За працоўныя поспехі”, іншымі шматлікімі ўзнагародамі.

Школа падарыла нашай зямлячцы і сямейнае шчасце – яе муж, Антон Антонавіч, быў у Явары настаўнікам пачатковых класаў. Як прадстаўнікі вясковай інтэлегенцыі сямейная пара старалася быць для мясцовага насельніцтва станоўчым прыкладам і ў працы, і ў жыцці. Нягледзячы на тое, што нароўні з іншымі Алена Іванаўна палола ў калгасе дзялкі з буракамі, а дома трымала вялікую гаспадарку, яна заўсёды імкнулася модна і прыгожа апранацца, заставацца прывабнай і цікавай жанчынай. Выглядаць стыльна ў многім дапамагала схільнасць да рукадзелля – шмат прыгожых абновак сабе і дачцэ Святлане Алена Іванаўна спраўляла ўласнымі рукамі, не быў абдзелены і сын Ігар. Юбілярка і сёння не перастае сябраваць з ніткамі і кручком, стварае яркія шэдэўры для ўпрыгажэння хатняга інтэр’ера, большасць з якіх дорыць родным.

Даўно ўжо няма побач мужа, але Алену Адамік радуюць яе дзеці, трое ўнукаў, столькі ж праўнукаў. У вялікай сям’і існуе добрая традыцыя – збірацца разам на Радуніцу, хаця і ў іншы час родныя стараюцца як мага часцей прыязджаць у Явар, у бацькоўскую хату.

У свае шаноўныя 90 гадоў Алена Іванаўна застаецца цікавай субяседніцай і гасціннай гаспадыняй, падтрымлівае стасункі з былымі вучнямі, можа доўга і цікава расказваць пра многіх з іх. Як гісторык, не прапускае навінаў па тэлевізары, а “для душы” слухае песні, асабліва любіць музычныя перадачы з Андрэем Малахавым.

Сучаснаму маладому пакаленню юбілярка зычыць дажыць да яе гадоў, быць сумленнымі і справядлівымі, добрымі і адкрытымі да людзей, ніколі не падаць духам, настойліва і паслядоўна дабівацца пастаўленых мэтаў і таксама не шукаць лёгкіх дарог, бо шчасце і павага дастаюцца самым працавітым і мэтанакіраваным.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: