Акунуліся ў атмасферу актыўнасці

Важнае Грамадства

У Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў брыфінг “Пакаленні разам”.

Ім завяршылася раённая тэматычная чатырохдзёнка “Цімураваланцёры Дзятлаўшчыны з паклонам і любоўю”, якая праходзіла ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”, ініцыіраванай Прэзідэнтам.

На брыфінг былі запрошаны ветэраны піянерскага і камсамольскага руху нашага раёна Яўгенія Савань, Ганна Скрундзь, Людміла Халопік. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы за кубачкам чаю. Каб яна была яшчэ і цікавай для гасцей, спецыялісты цэнтра паклапаціліся аб конкурснай міні-праграме, падзяліліся апошнімі навінамі аб тых карысных справах, удзел у якіх прымаюць піянеры, цімураўцы, валанцёры і члены моладзевага парламента раёна, а для добрага настрою – паказалі віншавальны відэачэлендж “Насустрач Старому Новаму году” ад піянерскіх дружын раёна.

Дзякуючы брыфінгу, ветэраны моладзевага руху зноў акунуліся ў атмасферу актыўнасці, творчых спраў, новых ідэй, атрымалі зарад бадзёрасці, дабра, аптымізму і ў знак удзячнасці за шматгадовую працу і сяброўства з аб’яднаннем – падарункі ад раённага савета ГА “БРПА” з лагатыпам акцыі.

Ірына МІШЧАНКА
Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі сустрэчы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga