На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэспубліканская дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”, ініцыіраваная Прэзідэнтам, а разам з ёю і добрыя цуды.
13 студзеня беларусы адзначаюць Шчадрэц – надвячорак Новага года па старым стылі. Каб ён выдаўся шчодрым для 11 пацыентаў Казлоўшчынскай гарпасялковай бальніцы, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках, з падарункамі “Ад усёй душы” да іх завіталі госці.
Праведаць пажылых людзей і павіншаваць іх ад імя раённай улады прыехалі намеснікі старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская і Дзмітрый Баравік, з падарункамі ад арганізацый да іх далучыліся дырэктар КУП “Дзятлаўскае ПМС” Віктар Адамчык і начальнік ДРБУ-119 Дзмітрый Мазоль, вядома ж, не абышлося без Дзеда Мароза і Снягурачкі. Смачныя падарункі для пацыентаў “залатога ўзросту” перадаў і Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.
На парозе медустановы гасцей сустрэў і правёў па палатах загадчык Казлоўшчынскай гарпасялковай бальніцы Ігар Сільчук.
Госці шчыра павіншавалі пажылых людзей са святамі, пажадалі ім добрага настрою, бадзёрасці духу, светлых думак і каб усё кепскае заставалася ў мінулым годзе. Кожнаму з пацыентаў шаноўнага веку, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках, быў уручаны важкі падарунак, смачная дабаўка чакае іх і ў саставе святочнага меню.
Да словаў віншаванняў далучыўся таксама медыцынскі персанал бальніцы, які кожны дзень клапоціцца аб сваіх пацыентах, стараецца рабіць іх жыццё камфортным і ўтульным.
Развітваючыся, Ігар Сільчук і медыкі падзякавалі гасцям за ўвагу і выказалі спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga