У Беларусі дзейнічае дакладна пабудаваная сістэма падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў для Узброеных Сіл.
Адна з запатрабаваных спецыяльнасцяў – ваенны фінансіст. Яна спецыфічная і звязана з вядзеннем фінансавай гаспадаркі як аднаго з бакоў забеспячэння баявой і паўсядзённай дзейнасці войскаў.
Навучанне будучыя спецыялісты праходзяць у якасці курсантаў ваенна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Тэрмін навучання – чатыры гады. Факультэт лічыцца адным з лепшых у краіне па стане вучэбна-матэрыяльнай базы, сацыяльна-бытавых умовах жыцця курсантаў. Спецыялістаў рыхтуюць па цыкле “Арганізацыя фінансавай дзейнасці войскаў” кафедры тактыкі і грамадскай падрыхтоўкі.
Асноўныя ваенна-спецыяльныя дысцыпліны цыкла: фінансавае забеспячэнне воінскай часці; грашовае забеспячэнне ваеннаслужачых; аплата працы; вайсковая гаспадарка; арганізацыя фінансавага забеспячэння войскаў; асновы ваеннага заканадаўства; працоўнае права; дзяржаўны бюджэт; дзяржаўны фінансавы кантроль; справаводства воінскай часцю.
Вучэбна-матэрыяльная база дазваляе якасна, на сучасным узроўні арганізаваць падрыхтоўку спецыялістаў. Выкладчыцкі састаў мае багаты практычны вопыт работы па спецыяльнасці.
Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні (абмундзіраванне, пражыванне, харчаванне). Штомесяц ім выплачваецца грашовае забеспячэнне. Ёсць выдатныя магчымасці для заняткаў спортам і навукова-даследчай дзейнасці.
З курсантамі заключаецца кантракт на час вучобы і наступныя пяць гадоў ваеннай службы пасля навучання. Напрыканцы вучобы курсант атрымлівае першае воінскае званне афіцэрскага саставу “лейтэнант” і кваліфікацыю “эканаміст-менеджар”.
Для паступлення на ваенна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта юнакам неабходна да 1 красавіка звярнуцца ў ваенны камісарыят свайго раёна ў групу прызыву на ваенную службу. Кансультацыю аб паступленні можна таксама атрымаць у рабочы час па тэлефонах: 2-11-61, 2-11-15.
Конкурс на паступленне ладзіцца па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па трох вучэбных дысцыплінах: матэматыка, руская або беларуская мова, замежная мова.
Генадзь СУРАВЕЦ,
ваенны камісар Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga