Вечарына прайшла сёння ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
На мерапрыемстве прысутнічалі вучні гімназіі №1 горада Дзятлава, краязнаўцы, а таксама мясцовыя паэты, якія добра ведалі Яўгена Мацвеева.
Яўген Аляксеевіч нарадзіўся ў 1937 годзе ў адной з глухіх вёсачак Латвіі. У гады Вялікай Айчыннай вайны страціў бацьку. Голад і холад ваеннага ліхалецця выклікалі ў Яўгена цяжкую хваробу. Нягледзячы на хваробу, паэт паспяхова скончыў школу і Мінскі медыцынскі інстытут. А затым усё сваё жыццё прапрацаваў доктарам у рэспубліканскім санаторыі “Наваельня” Дзятлаўскага раёна.
Яўген Мацвееў – рускі паэт і доктар-фтызіятр вышэйшай кваліфікацыі, заслужаны доктар Рэспублікі Беларусь, народны мастак, работы якога захоўваюцца ў краязнаўчых музеях горада Гродна і Дзятлава, мастацкі кіраўнік, рэжысёр і акцёр народнага самадзейнага тэатра г.п. Наваельня, дыпламант многіх рэспубліканскіх фестываляў. Член ПЭН-клуба, паэт Эдуард Мядзведскітак ахарактарызаваў яго: “Гэта чалавек, які ўмеў бачыць людскія душы, слухаць навакольны свет і пераводзіць у Слова”.
І ва ўсіх сваіх справах Мацвееў быў Майстрам, Творцам. Яўген Мацвееў са школьных часоў авалодваў паэтычным словам. Паэзія цесна пераплялася ў аўтара з яго прафесіяй медыка. Вось, напрыклад, што напісала пра яго ў эпілогу да другой кнігі аўтара доктар філалагічных навук, прафесар, загадчыца кафедры рускай і замежнай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Аўтуховіч: “Ёсць нешта глыбока сімвалічнае ў тым, што Яўген Мацвееў, аўтар паэтычнай кнігі, доктар па сваёй першай прафесіі. Паэзія таксама вылечвае, уносячы гармонію ў хаос быцця. Сваёй другой музе – музе Паэзіі – Яўген Мацвееў служыць даўно і аддана, але толькі ў апошнія гады прыйшло жаданне аддаць вершы тым, для каго яны прызначаны, – чытачам, сучаснікам. Магу смела сцвярджаць, што, паглыбляючыся ў паэтычны свет кнігі Яўгена Мацвеева, разумны і цярплівы чытач пазнаёміцца з цікавым, удумлівым і глыбокім чалавекам”.
Пісаў Яўген Мацвееў усё жыццё, але друкавацца пачаў позна. Тым не менш, паспеў выпусціць шэсць кніг вершаў. Смерць напаткала яго ў самым пачатку працы над сёмай, якую завяршылі яго магілёўскія сябры па Беларускім літаратурным саюзе “Полацкая галіна”, у які паэт уваходзіў з ліпеня 1995 года.
Творчасць паэта высока цанілі супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта – доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Аўтуховіч, доктар філалагічных навук, прафесар Марыя Канюшкевіч, кандыдат філалагічных навук Людміла Смольская, а таксама член Беларускага ПЭН-клуба, сакратар секцыі паэзіі, паэт і літаратуразнаўца Эдуард Мядзведскі (усе яны пісалі прадмовы кніг паэта).
Яўген Аляксеевіч намініраваўся Беллітсаюзам “Полацкая галіна” на прэмію Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва 2004 года за кнігу паэзіі “Зберагаючы кахання нябеснае святло”. Публікаваўся з вершамі ў літаратурна-публіцыстычным часопісе “Заходняя Дзвіна” і газеце “Веснік культуры”.
У школьным краязнаўчым музеі г.п. Наваельня ёсць экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці паэта Яўгена Мацвеева.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga