Сябе паказалі, на іншых паглядзелі

Важнае Культура і адпачынак

У рамках міжраённага супрацоўніцтва наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна на чале з загадчыцай Галінай Касцюк сустрэліся з карэліцкімі сябрамі.

З нагоды візіту дзятлаўчан гаспадары пляцоўкі падрыхтавалі вечарыну ў стылі рэтра “Мы родам з СССР” з дрэс-кодам і тэматычнымі фотазонамі. Госці станоўча ацанілі ідэю і з задавальненнем акунуліся ў атмасферу часоў сваёй маладосці.

Сустрэча парадавала музычнымі нумарамі ад карэліцкіх спецыялістаў і наведвальнікаў аддзялення. Яе “ізюмінкай” стала дэманстрацыя моднай калекцыі адзення а-ля 80-90-ыя. Прысутныя з вялікім задавальненнем рабілі памятныя фотаздымкі ў модных строях на фоне старадаўніх рэчаў. Шмат задавальнення атрымалі ад тэматычных конкурсаў і віктарыны.

Музычныя падарункі гаспадарам падрыхтавалі і самі дзятлаўчане. Песеннае папуры пад акампанемент Таццяны Шостка праспявалі Сяргей Малышчык і Ніль Шарыпаў, песню з рэпертуара Надзеі Кадышавай – Жанна Варган, добры настрой прысутным дарылі Ала Кучынская і Альфія Шарыпава. Верш уласнага сачынення, які напісала шмат гадоў таму ў час праходжання працоўнай практыкі на карэліцкай зямлі, прачытала Ірына Варабей, байку, якая ўсім падняла настрой, – Ядвіга Гушча.

Завяршылася сустрэча сяброўскім чаяваннем з дэгустацыяй пірагоў і кандытарскіх вырабаў ад умелых гаспадыняў двух аддзяленняў.

Цяпер дзятлаўчане чакаюць гасцей з Карэліцкага раёна з адказным візітам.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Галінай КАСЦЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga